Дэфолт: страшылка ці хуткая рэчаіснасць? Да чаго рыхтавацца беларусам


Міжнародны валютны фон прагназуе, што ў 2019–20-м гадах у выпадку нестабільнасці на замежных рынках Беларусь не дасць рады з выплатамі пазыкаў, кажа эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру Дзмітры Крук. Што гэта ўвогуле такое – дэфолт, наколькі імаверна, што ён здарыцца і да чаго нам рыхтавацца? Станіслаў Івашкевіч прапануе разабрацца.

Сёлета замежны доўг нашай краіны дасягнуў рэкорднай адзнакі ў гісторыі – больш за $ 15 млрд, або каля 40 % ад ВУП. Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця тлумачыць: замежны доўг пачаў расці ў геаметрычнай прагрэсіі пасля 2006 года, калі існая эканамічная мадэль дасягнула ліміту свайго ўстойлівага росту.

«Магчымасці экстэнсіўнага росту (за кошт павелічэння колькасці прадукцыі), былі вычарпаныя яшчэ да 2006 года. Далей росту можна было дасягаць толькі адміністратыўнай мабілізацыяй рэсурсаў пры адначасовым нарошчванні пазыковага цяжару», – кажа Алішэр Мірзоеў, дырэктар праектаў стабілізацыйных крэдытаў.

Дарэчы, фармальны замежны доўг ураду, які публікуе Нацбанк і перадрукоўваюць медыі, – толькі частка дзяржаўнай запазычанасці. Насамрэч туды ўваходзіць яшчэ ўнутраны доўг, намінаваны ў замежнай валюце, а таксама крэдыты дзяржпрадпрыемстваў, дзе доля дзяржаўнай уласнасці складае больш за палову.

«Агулам гэты доўг наблізіўся да 60 % ад ВУП, – кажа Аляксандр Чубрык, дырэктар даследчага цэнтру «Інстытут прыватызацыі і менеджменту». – Калі мы гаворым, што ў Японіі доўг 200 %, то, па-першае, ён збольшага, унутраны. Па-другое, ён вельмі доўгатэрміновы, і, па-трэцяе, вельмі танны, нам такі проста не сніўся. Таму, атрымліваецца, для іх 200, гэта, можа, лепш, чым для нас 60».

Куды пайшлі ўсе гэтыя грошы?

Да 2015 года яны выдаткоўваліся на:

1) утрыманне высокага курсу рубля, які быў пад пастаянным ціскам з прычыны таго, што Нацбанк стымуляваў эканоміку надрукаванымі грашыма.

2) на дзяржаўныя мадэрнізацыйныя праекты, якія, у пераважнай большасці, аднак, аказаліся непралічанымі ды правальнымі.

Сярод іншага, беларускія прадпрыемствы дрэваапрацоўкі ці, напрыклад, цэментавай вытворчасці, на мадэрнізацыю якіх дзяржава выдаткавала па мільярду долараў (пераважна кітайскіх крэдытаў), могуць вырабляць у разы больш прадукцыі, чым раней, але сабекошт гэтай прадукцыі – неканкурэнтны. У выніку яны прастойваюць або працуюць са стратамі, працягваючы спальваць замежную валюту, якую ўраду зноў даводзіцца пазычаць.

«У нас праблема ў тым, што нават не даўгі дзяржавы вельмі дарагія, а даўгі прадпрыемстваў, бо яны набралі шмат пазыкаў», – дадае Аляксандр Чубрык.

Цяпер выплаты па адных толькі адсотках за набраныя крэдыты складаюць больш за 2 % ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта – кожны 8-ы бюджэтны рубель, які ідзе не на вяртанне старых даўгоў, а на ўтрыманне ўжо набраных. Калі б сёлета мы выплацілі самі хоць бы адсоткі па набраных крэдытах, то замест таго, каб вырасці на 1,5 %, беларуская эканоміка б прыблізна настолькі ж упала.

У 2007 годзе, калі існая эканамічная мадэль дасягнула ліміту свайго ўстойлівага росту, улады Беларусі працягнулі ілюзію яе развіцця за кошт замежных пазыкаў.

Цяпер, калі дзяржаўны доўг дасягнуў амаль 60 % адсоткаў ВУП, айчынная эканоміка не дае рады цяжару адсоткаў па набраных крэдытах, і замежная запазычанасць штогод павялічваецца ўжо проста для таго, каб карміць самую сябе. Скатванне такога снежнага кому рана ці позна павіннае скончыцца дэфолтам.

Што такое дэфолт?

Дэфолт, гэта калі краіна не здольная своечасова зрабіць актуальныя выплаты па сваіх пазыках. Як толькі краіна абвяшчае дэфолт, яна пачынае ашчаджаць на выплатах замежных пазыкаў, але прынамсі часова страчвае магчымасць рабіць новыя.

«Можам узяць, напрыклад, Аргентыну. Аргентына абвяшчае дэфолт, яе банкі не могуць залучыць фінансавання і не могуць выканаць сваіх абавязкаў па тых дэпазітах у валюце, якія ў іх ёсць», – падае прыклад Дзмітры Крук, эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру.

Беспасярэднімі наступствамі дэфолту стане рэзкая дэвальвацыя ды рост коштаў, бо Нацбанк будзе вымушаны друкаваць рублі, каб закупаць дэфіцытную валюту ўнутры краіны на аплату крытычнага імпарту: паліва, харчоў ды лекаў. Многія прадпрыемствы будуць часова няздольныя закупаць за мяжою камплектныя ды абсталяванне, што прывядзе да спынення шмат якіх заводаў і рэзкага скачка беспрацоўя.

«Гэта, хутчэй за ўсё, прывядзе да зніжэння ВУП, зніжэння заробкаў, да зніжэння сацыяльных плацяжоў», – лічыць Дзмітры Крук.

Беспасярэднюю небяспеку дэфолту ўлады ўсвядомілі ў 2015 годзе, калі даходы бюджэту абваліліся – з прычыны падзення эканомікі, а выдаткі для ўтрыманні валютнага доўгу, наадварот, рэзка павялічыліся – за кошт дэвальвацыі рубля. З таго моманту ўлады вырашылі ўзяць курс на скарачэнне замежнага доўгу.

У 2016 годзе замежны доўг, упершыню за шматлікія гады, знізіўся. Што праўда, усяго на 0,5 %. І, каб дасягнуць гэтага, то бок сплаціць самастойна адсоткі па даўгах, плюс пагасіць усяго паўадсотка самой пазыкі, уладам давялося ўрэзаць ажно на сем адсоткаў усе астатнія бюджэтавыя выдаткі. Гэта стала адною з важных прычынаў леташняга падзення эканомікі, заробкаў і занятасці.

«На 7 % знізіць бюджэтныя выдаткі за шэсць гадоў гэта проста – нечалавеча шмат», – кажа Аляксандр Чубрык.

Сёлета ўлады ад ідэі пагашэння доўгу, падобна, ужо адмовіліся, бо рэзаць бюджэтныя выдаткі, па вялікім рахунку, больш няма за кошт чаго. Рэалістычная задача, сыходзячы са статыстыкі, стаіць у тым, каб хоць бы максімальна запаволіць рост запазычанасці.

«Гэты доўг набіраецца для таго, каб мы засталіся ў стане стагнацыі, а не працягнулі падзенне», – кажа Леанід Фрыдкін, шэф-рэдактар «Экономической газеты».

Адмыслоўцы падкрэсліваюць: цяпер кошт замежнага доўгу для Беларусі – прыблізна ўдвая ніжэйшы за рынкавы – менш за 4 % гадавых, у сярэднім, за кошт ільготных крэдытаў ад Расеі, Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця ды Кітаю.

«Еўрааблігацыі для нас – дастаткова дарагія. Але мы атрымліваем ільготныя крэдыты ад Расеі і ЕФСР, таму сярэдняя эфектыўная стаўка для нас – не такая вялікая», – кажа Фрыдкін.

Калі Расея будзе працягваць падтрымліваць Менск такімі крэдытамі, то дэфолту можна пазбягаць яшчэ шмат гадоў, нават не праводзячы рэформаў. Але, адзначаюць адмыслоўцы, ільготы з боку Крамля паступаюць не бясплатна. З кожным годам, наўзамен працягу льготаў, Крэмль патрабуе ад Беларусі ўсё новых саступак у справе эканамічнага і палітычнага суверэнітэту.

«Пачынаючы ад вайсковай базы, якую Беларусь вельмі не хоча размяшчаць на сваёй тэрыторыі і пакуль гэтае пытанне нібыта закрыла, але яно можа паўстаць пазней. Па-другое, ласы кавалак – калій», – кажа палітолаг Андрэй Елісееў.

Паводле эканаміста Дзмітрыя Крука, наступны раўнд гандлю за працяг расейскіх ільготаў для Менску чакаецца ў 2019–2020 гадах, калі Беларусь чакаюць новыя пікавыя аплаты дзяржпазыкі, якія трэба будзе рэфінансаваць. Тады ў існых уладаў застануцца два варыянты: або перайсці на ўдвая даражэйшыя рынкавыя ўмовы крэдытавання – рэальная пагроза дэфолту тады можа наступіць ужо ў 2021–2022 годзе. Або пагадзіцца на патрабаванні Крамля, страціўшы крытычныя элементы вайсковага, палітычнага ці эканамічнага суверэнітэту.

«У рамках таго ж Еўразійскага эканамічнага саюзу, які цяпер уяўляе эканамічнае інтэграцыйнае аб’яднанне, але можа набыць рысы палітычнага», – дадае Андрэй Елісееў.

Што праўда, гіпатэтычна, краіна магла б выплочваць доўг і сама, не ахвяруючы пры гэтым незалежнасцю. Але гэта будзе вымагаць крокаў, на якія існыя ўлады Беларусі не наважацца, мяркуюць апытаныя намі адмыслоўцы.

«Гэта – вельмі глыбокія інстытуцыянальныя змены ў эканоміцы, змены сістэмы стымулаў, змены сістэмы эканамічных стасункаў у нацыянальнай эканоміцы», – кажа Дзмітрый Крук.

Варта зазначыць, што гісторыя ведае прыклад, калі і нерэфармаваная сацыялістычная эканоміка набліжалася да дэфолту, але потым выплаціла ўсе свае замежныя даўгі сама – за кошт надзвычайных захадаў бюджэтнага ашчаджэння. Гэта – Румынія часоў кіравання там дыктатара Мікалая Чаўшэску. Але гэтыя захады прывялі да такога падзення ўзроўню жыцця звычайных грамадзянаў, што ў выніку Чаўшэску зрынулі ды расстралялі разам з жонкаю.

Таму, мяркуюць апытаныя намі адмыслоўцы, Лукашэнка будзе праводзіць палітыку больш мяккага бюджэтнага ашчаджэння, якая не дазволіць скарачаць запазычанасць, але запаволіць набліжэнне да дэфолту.

У найбліжэйшыя год-два дэфолту не прадбачыцца. Дзякуючы ільготным крэдытам з усходу кошт дзяржаўнай запазычанасці Беларусі ў апошнія два гады істотна знізіўся і складае цяпер прыблізна палову ад рынкавага. Таму цяпер нашая краіна здольная выплочваць палову адсоткаў за замежны доўг сама. Другую палову адсоткавых плацяжоў даводзіцца ўсё роўна пакрываць за кошт новых пазыкаў, то бок дзяржаўны доўг усё роўна расце, але значна павольней, чым дагэтуль. Гадзіна X, аднак, можа наступіць праз 2–3 гады, калі Менск будзе дамаўляцца з Масквою аб працягу ўмоваў крэдытавання. Калі ўлады Беларусі не пагодзяцца на саступку крытычных элементаў незалежнасці краіны, то нас чакае калі і не адразу дэфолт, то балючае эканамічнае ўзрушэнне.

Станіслаў Івашкевіч