«Молнар – інтэлектуал». Крымінальны аглядальнік – пра банду дзесяцігоддзя


Сёння паставілі кропку ў справе дзесяцігоддзя. 53-гадовы Сяргей Молнар, лідар аднаімённай банды?найбліжэйшыя 18 гадоў правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ 29 фігурантаў справы атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 5-ці да 15-ці гадоў. Вярхоўны суд пакінуў вырак Магілёўскага абласнога суда без зменаў, а апеляцыйныя скаргі – без задавальнення.

Паводле следства, банда Молнара дзейнічала з 2009-га па 2014-ы год пераважна ў Магілёўскай вобласці ды практычна трымала ў страху Бабруйск. У ста тамах справы фіксуюцца больш за 80 эпізодаў злачыннай дзейнасці, найперш гэта махінацыі з нерухомасцю і вымагальніцтва. Агулам пацярпелымі прызнаныя больш за паўтысячы чалавек.

Крымінальны аглядальнік Віктар Федаровіч – пра першую (і, магчыма, апошнюю) крымінальную групоўку ў Беларусі апошняга дзесяцігоддзя.

Засталося шмат пытанняў пра гэтай справе, але, на жаль, суд праходзіў у закрытым рэжыме, апеляцыя ў Вярхоўным судзе таксама разглядалася ў закрытым рэжыме – усе падзеі засталіся па-за кадрам, мы можам лічыць толькі на інфармацыю ад праваахоўнікаў ці сваякоў асуджаных.

Толькі сямёра з трыццаці асуджаных праходзілі паводле артыкулу 285 – «стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй». Астатнія афіцыйна да групы Молнара не належалі.

Молнар быў вядомы не толькі ў беларускім крымінальным свеце, але і далёка па-за ягонымі межамі.

Пра Молнаре я даведаўся пяць гадоў таму, але нідзе не мог знайсці яго фатаграфіі. Цяпер, аказваецца, на расейскіх сайтах ёсць маса фотаздымкаў Молнара ў асяроддзі расейскіх злодзеяў у законе.

«Белсат»: Беларускі крымінальны свет – частка расейскага?

Так склалася гістарычна – наўрад ці гэта можна будзе спыніць нейкімі межамі або засадамі. Аналагічная сітуацыя ў Украіне.

Што датычна нейкага цэнтра – яго няма. Найважнейшыя рашэнні ў вараўскім крымінальным свеце прымаюцца сёння не ў Расеі, Беларусі ці Украіне, а дзе-небудзь у Турцыі або Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Злачыннасць стала міжнароднай і міжнацыянальнай.

Свет змяняецца – крымінальны свет таксама мяняецца. У дачыненні да групоўкі Молнара няма абвінавачванняў у цяжкіх злачынствах – забойствах або выкраданні. Ахвяраў – такіх, як, напрыклад, у «марозаўскай» злачыннай групоўкі, справы якой былі ў крыві, – няма. У Молнара былі, мне здаецца, больш інтэлектуальныя моманты.

Паводле маёй інфармацыі, Сяргей Іванавіч Молнар – чалавек інтэлектуальны. Але зладзейскія справы і традыцыі ўсё адно прарываюцца: доўга такія рэчы хаваць немагчыма.

Гутарку Валера Руселік з крымінальным аглядальнікам Віктарам Фёдаравічам глядзіце ў «Гарачым каментары»