Міліцыянта выдала поза


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Кіраўшчына: улады ўвялі масачны рэжым

Абавязковы масачны рэжым і абмежаванне выезду. У Кіраўскім раёне на Магілёўшчыне мясцовыя ўлады выдалі адпаведнае распараджэнне – у сувязі з эпідэмічным становішчам і дзеля мінімізацыі рызыкі распаўсюду каронавіруснай інфекцыі. Абавязковае нашэнне масак падчас наведвання публічных месцаў і абмежаванні на перамяшчэнне будуць дзеяць да адмены распараджэння. Кіраўскі раён быў адным з першых на Магілёўшчыне, дзе выявілі каронавірусную інфекцыю. Колькі канкрэтна хворых зафіксавана на Кіраўшчыне, не паведамляюць.

Чашнікі: ад COVID-19 памерла былая настаўніца

А ў Чашніках на Віцебшчыне ад каронавіруса памерла былая настаўніца Ніна Сабалеўская, паведамляе выданне «Наша ніва». Жанчыне было 54 гады, раней яна працавала ў мясцовай школе № 1. У шпіталь хворую забралі з пнеўманіяй, пазней жанчыну перавялі на апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, аднак выратаваць яе не ўдалося. 29 траўня былая настаўніца памерла. У той жа школе працуе і дачка жанчыны, у яе тэсты на COVID-19 былі адмоўнымі.

Лукашэнка чакае парадку ў Менску

Чакае ад старшыні Менскага гарвыканкаму і міліцыі поўнага парадку ў горадзе. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком беларускай сталіцы Анатолем Сіваком. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Я так гляджу – чысценькі, прыбраны, утульны гарадок. Можна і з дзеткамі недзе прагуляцца, на веладарожцы пракаціцца, і на лыжаролерную трасу схадзіць, і спортам займайся – не хачу. Але ж няймецца камусьці».

Раней Лукашэнка адрэагаваў на пратэставыя настроі ў сувязі з блізкімі прэзідэнцкімі выбарамі ды заявіў, што ніякіх майданаў у Беларусі не будзе.

Ператрусы ў затрыманых паводле справы Ціханоўскага

Канфіскавалі носьбіты інфармацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра ператрусы ў затрыманых у Горадні прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага вечарам 29 траўня. Гаворка пра Уладзіміра Навуміка, Яўгена Рэзнічэнку, Сяргея Калмыкава і Васіля Баброўскага. Таксама невядомыя забралі адное з аўтаў, на якім у Горадню прыехала каманда аўтара блогу «Страна для жизни». У сувязі з гэтай сітуацыяй уладальнік транспартнага сродку Уладзімір Кузняцоў напісаў заяву пра крадзеж. Усяго ж, паводле праваабаронцаў, у межах крымінальнай справы за гвалт у дачыненні міліцыянта затрымалі 9 асобаў, у тым ліку самога Сяргея Ціханоўскага.

belsat.eu