Хуткая дапамога, таксоўка, пажарная машына, аўтобус МАЗ, машына ДАІ з «Пагоняй» на борце і яшчэ 450 розных аўтамабіляў з беларускімі надпісамі размясціліся на паліцах героя нашай праграмы, калекцыянера-аматара Руслана Юсупава.
Як і кожны хлопчык, Руслан Юсупаў бавіўся ў дзяцінстве машынкамі, але пазней гэта пераўтварылася ў сапраўднае захапленне. Руслан не проста працяглы час збірае мадэлі машынаў, але стварае сваю беларускамоўную аўтамабільную краіну мары, вышукваючы патрэбныя мадэлі, часам дапрацоўваючы іх ці складаючы з нуля. А таксама ён заўсёды і паўсюль размаўляе па-беларуску, бо лічыць гэта найменшым з таго, што можа зрабіць для сваёй краіны.
Руслан пакажа сваю калекцыю і распавядзе пра яе вядоўцы Глебу Лабадзенку.
У граматычнай частцы Алеся Літвіноўская раскажа пра тое, ці сапраўды можна «гуляць на скрыпцы», «зачыняць вочы» і атрымліваць «студэнцкі квіток».
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.