Месяц працы без выходных і святаў. Заробак 136 рублёў. Як жывецца калгаснікам?

Здымачная група «Маю права» накіравалася ў вёску Шчадрын Жлобінскага раёну. Большасць тутэйшых працуе на сельска-гаспадарчым прадпрыемстве «Шчадрынскае» ды наракае на мізэрныя заробкі, якія нават не дацягваюць да пражытковага мінімуму.

Вяскоўцы сабраліся для размовы з нашым карэспандэнтам у адной з хатаў. Святлана Мамекіна, жывёлагадоўца, кажа, што за студзень працаўнікі атрымалі вельмі малыя заробкі.

«Было налічана 273 рублі, на рукі я атрымала 90. Разлікоўкі далі, мы запыталіся ў галоўнага зоатэхніка: «Чаму так мала?» Нам адказалі: «Усе пытанні – у райвыканкам. Няма грошай у гаспадарцы, малака няма – вы нічога не атрымаеце», – распавядае Святлана.

Да размовы далучаецца Таццяна Давыдава, якая працуе аператаркаю машыннага даення.

«Адпрацавала 29 дзён, без выходных, 136 рублёў – усё!», – скардзіцца жанчына.

Наталля Каверына, якая шмат гадоў адпрацавала на малочнай ферме, за студзень атрымала 320 рублёў заробку.

«Я працавала і ў святочныя дні, і ў выходныя. Мне не заплацілі за іх», – кажа Наталля.

Жывёла дохне, няма кармоў, а нястачу вешаюць на работнікаў

Новы комплекс малочнай фермы, дзе спадарыня Наталля працуе улікоўцаю сельгаспрадукцыі, пабудавалі пяць гадоў таму. Яна кажа, што надоі малака за апошнія месяцы скараціліся ў некалькі разоў. А раней даяркі атрымлівалі па 1000 рублёў і болей. Цяпер працаўнікі наракаюць на адсутнасць добрай кармавой базы для жывёлы.

«Калі камбікорм даюць, то больш малака надойваецца. Камбікорму няма недзе каля года», – адзначае Наталля.

Далей разам са Святланаю Якіменкай рушым на ферму № 1, дзе яна працуе даяркаю. За 100 літраў надоенага малака жанчына атрымлівае 1 рубель 68 капеек. Жанчына саромеецца прадэманстраваць апошні ўдой. З каровы атрымалася недзе каля літра малака.

Каб разабрацца ў сітуацыі з мізэрнымі заробкамі працаўнікоў, карэспандэнт праграмы патэлефанаваў Таццяне Некрашэвіч, старшыні Шчадрынскага сельскага савету.

«Былі парушэнні працоўнай дысцыпліны ў іх, таму і заробкі адпаведныя. Але справа ў тым, што не паспелі дакументальна аформіць, утрымаць з людзей утрымалі, а дакументальна не паспелі аформіць. Таму гэта віна бухгалтэрыі, яны віну прызналі, людзям сродкі будуць кампенсаваныя», – адказала старшыня сельсавету.

Пасля прыезду «Белсату» цялятніцы паднялі заробак і аддалі незаплочаныя грошы

Юрый Белякоў, юрыст прафсаюзу РЭП, раіць у такіх выпадках звяртацца да органаў кантролю.

«Гэта значнае парушэнне. За гэта на кіраўнікоў накладаюць адміністратыўную адказнасць. Гэтым займаецца пракуратура, орган, які цягам 10 дзён мусіць правесці праверку і неяк адрэагаваць. Дэпартамент дзяржінспекцыі працы займаецца гэтым цягам месяца, і можна адразу звяртацца ў суд», – раіць юрыст.

Пакуль гэты сюжэт рыхтаваўся да эфіру, стала вядома пра звальненне дзвюх працаўніц: Таццяны Давыдавай ды Ірыны Баранавай. Яны ў тым ліку прыходзілі на сустрэчу з карэспандэнтам «Маю права». Прычына – нібыта парушэнне працоўнай дысцыпліны. Жанчыны плануюць абскардзіць гэта рашэнне.

Не кароўнік, а школа. У Ганцавіцкім раёне даяркам завялі дзённікі, ставяць адзнакі і штрафуюць

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Камунальнікі забіваюць хатніх гадаванцаў
  • Пра адлоў і адстрэл жывёлы – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Пад Менскам разбураецца палацавы комплекс

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Мужчына праз невыносны боль ходзіць на працу, бо не можа атрымаць інваліднасці

На заводзе пад Петрыкавам людзі паўгода чакаюць заробак

Мужчына дапамог ДАІ злавіць парушальнікаў і сам атрымаў штраф

Кіроўцы Менсктрансу скардзяцца на ўмовы працы, штрафы і ціск кіраўніцтва

Валанцёрка – уладам: «Разбярыце адну рэзідэнцыю, здайце на металалом! Ды зрабіце хоць нешта!»

Маёмасць знеслі, гаспадароў затрымалі. Юрысты мяркуюць, што гэтак чыноўнікі замятаюць сляды

Вайна з судом. Ці магчыма ў Беларусі перамагчы сістэму?

Памылка ДАІ, якая дорага каштавала. Ахвяра ДТЗ змагаецца за кампенсацыю