Менчука збівалі міліцэйскімі дручкамі і нагамі


Чарговы выпадак збіцця міліцыянтамі? Разам з сябрам Ілля Зубеня выпіваў у парку Дружбы народаў, праз некаторы час, паводле словаў маладзёна, прыехала міліцыя, завезла ў аддзел – там менчука збілі. У мужчыны разрыў бубеннай балонкі вуха. Падрабязнасці гэтай справы ад самога Іллі:

«Старшыня закруціў мне рукі і зашпіліў наручнікі за спінаю. Пасадзілі на гэтыя жалезныя сядзенні недалёка ад лесвіцы і побач з маім сябрам. Сябра мой усё гэта бачыў, побач сядзеў. Прасядзеў я так каля хвілін 3-5, падышлі яны да мяне ўдвох і папрасілі прайсці, ну скажам, не папрасілі а сказалі: хадзем-ка. У калідор, паралельны тым сядзенням, дзе я сядзеў. За сцяною ён. Заводзяць мяне туды, я толькі павярнуўся, раблю некалькі крокаў, краем вока так бачу, што адзін з супрацоўнікаў у форме, не з гэтых двух, пачынае ці то закрываць, ці то адварочваць камеру. Рабіць нейкія маніпуляцыі з гэтай камерай. У гэты ж момант мяне вяляць на зямлю, хтосьці цягне мяне за спіну, шыю, на падлогу, ззаду ўдар па нагах. І пачынаюць мяне збіваць дручкамі і нагамі…»

Уласна пра гэты выпадак паразмаўляем з праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам:

«Праўду скажу, што мы былі здзіўленыя здарэннем, калі да нас звярнуліся родныя Іллі. У гэты час ён яшчэ быў у Савецкім РАУС Менску. Мы адразу накіраваліся туды, і адразу стала зразумела, што там рэальна нешта сталася. Дзяжурны супрацоўнік аператыўна звязаўся з кіраўніцтвам і тымі асобамі патрульнай службы, якія затрымлівалі Іллю і дакладна праінструктаваў, што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі. Тым не менш пасля ўсіх галосных заяваў МУС пра тое, што міліцыя пачынае мець чалавечы твар, што гэта крок наперад да людзей, гэта здарэнне для нас стала здзіўленнем, таму што гэтае збіццё было абсалютна бессэнсоўным. Затрыманы не аказваў супраціву, а збіццё было абсалютна жорсткім… Акрамя некантраляванай жорсткасці патлумачыць гэты выпадак вельмі складана…»

belsat.eu