Медыцына не для ўсіх. Дзе і хто лечыць чыноўнікаў?


Тысячы беларусаў ужо хварэюць на каронавірусную інфекцыю, дзясяткі – ляжаць пад апаратамі ШВЛ, дзясяткі, на жаль, не здолелі перажыць эпідэміі. Хварэюць ужо і гульцы прэзідэнцкай хакейнай каманды. Тым часам Лукашэнка на каранцін не сыходзіць і не плануе. Ці не звязана гэта з выключным медычным абслугоўваннем прэзідэнта?

«Ёсць пазіцыя Лукашэнкі, што мы не баімся, мы ўтром нос астатнім. Што смяротнасць у Беларусі будзе не большая, а можа і меншая ў параўнанні з тымі краінамі, што ўвялі жорсткі каранцін», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Лукашэнка таксама рызыкуе захварэць, але пры неабходнасці ён будзе лекавацца ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры Кіравання справамі прэзідэнта. Цэнтр месціцца ў Ждановічах, адчынілі яго ў 2018 годзе. Лекавацца там могуць людзі з адмысловага «пераліку». Са словаў галоўнай доктаркі цэнтру Ірыны Абельскай, гэта чыноўнікі і тыя, хто гатовы плаціць за паслугі медыкаў.

«Ніякіх ведамасных лякарняў быць не павінна, ніякіх спецыяльных, VIP для чыноўнікаў быць не павінна. Яны павінны лячыцца ў такіх жа лякарнях, што і любы просты чалавек. Гэта звычайная практыка ў любых нармальных краінах», – адзначае доктар Аляксандр Уэльскі.

Hавiны
«Дзякуючы Лукашэнку дзіцё будзе выхоўвацца без маці». Родныя загінулых выказаліся пра «псіхоз»
2020.04.24 11:00

На адкрыцці прэзідэнт адзначыў: цэнтр даступны звычайным беларусам. Але спадарыня Наталля туды трапіць не здолела.

«Патэлефанавала туды, і супрацоўніца мне сказала, што я не змагу набыць ніякіх паслуг», – распавяла Наталля Гарачка.

Праз 10 хвілінаў размовы высветлілася: трапіць у лякарню магчыма. Кошт медычнага абслугоўвання на год – 2300 долараў. Але спачатку трэба прыйсці на размову да галоўнай доктаркі і атрымаць даведку з псіханеўралагічнага ды наркалагічнага дыспансераў.

VIP-палата і абсталяванне коштам $ 2,5 млн

Падчас кіравання Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта аднойчы паведаміла пра тое, што прэзідэнту зрабілі планавую аперацыю на левым каленным сугломе. І быццам больш сур’ёзных праблемаў са здароўем беларускі лідар не мае. Аднак нельга забываць пра 65-гадовы ўзрост і схільнасць да пэўных хваробаў.

«Гэта цукровы дыябет, гэта ІХС, гэта сардэчна-сасудзістыя захворванні, абменныя працэсы і гэтак далей. Рызыкі значна вышэйшыя ў пажылым узросце», – падкрэслівае доктар Аляксандр Уэльскі.

Размова
Лябедзька: Кошт чалавечага жыцця ў Беларусі меншы за кошт марлевай павязкі
2020.04.17 14:05

Лекаваць пры неабходнасці Лукашэнку будзе Ірына Абельская, галоўная доктарка прэзідэнцкага цэнтру. Ейны родны брат, Андрэй Пастаялка, працуе пры сястры хірургам. Што да абсталявання, у цэнтры ёсць спецыяльны амерыканскі рабатычны комплекс. Робат, які дапамагае рабіць аперацыі, каштаваў у 2017 годзе, падчас закупу абсталявання для клінікі, каля $ 2,5 млн. У 2018 годзе Абельская зазначыла: большасць абсталявання цэнтру не мае аналагаў у краінах СНД.

«Што датычыць медабсталявання, так, медабсталяванне ў гэтых клініках заўсёды таксама адрознівалася ад астатніх клінік у лепшы бок», – адзначае і доктарка Алена Церашкова.

VIP-палата прэзідэнта – гэта трохпакаёвы нумар плошчай 100 кв. м, дзве працоўныя зоны для сустрэчаў, абстаўленыя пэўным чынам, каб па той бок аб’ектыву ніхто не здагадаўся, што прэзідэнт у лякарні. Ёсць у нумары гардэробная і нават купальня.

Лукашэнка кажа, што ніколі ў якасці пацыента ў цэнтры не быў. І ўсё больш дае ўласныя парады, як лекавацца пры розных хваробах. Ад плоскаступнёвасці – вайсковая служба, ад алкагалізму – поле, ад каронавіруса – гарэлка ды лазня.

«Любую інфармацыю можна пачуць ад чалавека, які не ведае, што гаворыць. Не ягоная задача быць экспертам у медыцыне. Ягоная задача – кіраваць краінай пры дапамозе кампетэнтных людзей», – каментуе парады прэзідэнта доктарка Алена Церашкова.

Аб’ектыў
Хірург Зміцер Кароль: Студэнты-медыкі з першага курсу вучаць мовы, каб з’ехаць за мяжу
2019.10.30 22:44

Тым часам у Беларусі няма аніводнага лімфолага. З краіны штогод за мяжу з’язджаюць больш за 200 дактароў. Лукашэнка схіляе звычайных беларусаў да народных метадаў лекавання, тады як сам мае доступ да выключнага абслугоўвання.

А ў Беларусі Ірына Абельская яшчэ ў 2016 годзе падкрэслівала выключнасць «лакшары-лячэння» – кліенты клінікі жывуць на 8 гадоў даўжэй за тых, хто атрымоўвае дапамогу ў звычайных айчынных установах.

Прэферэнцыі пры гэтым не датычаць дзяцей і інвалідаў. Іх у цэнтры, пабудаваным на сродкі падаткаплатнікаў, нават за грошы проста не абслугоўваюць.

Нягледзячы на VIP-палаты і абсталяванне, часам высокапастаўленыя чыноўнікі аддаюць перавагу не прэзідэнцкай клініцы, а замежным медычным цэнтрам. Так, аперацыю на сэрцы ў Расейскім інстытуце клінічнай кардыялогіі рабіў Анатоль Рубінаў. А Людміла Пастаялка – экс-міністарка аховы здароўя і па сумяшчальніцтве маці Ірыны Абельскай – лётала на лекаванне ў Германію і Аўстрыю.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Крызіс перажывуць не ўсе
  • Як набыць якасныя саджанцы
  • Чым замяніць штучныя кветкі на Радаўніцу

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Калаж з фота: Pyotr Sivkov / TASS / FORUM