Маёмасць знеслі, гаспадароў затрымалі. Юрысты мяркуюць, што гэтак чыноўнікі замятаюць сляды


Гэтым разам здымачная група «Маю права» прыехала ў Магілёўскі раён, у вёску Таранава, па адрасе Цэнтральная 2а. Тут спецтэхніка зносіла падмурак, які заліла пад свой дом сям’я Чарнагаловых.

Магілёўскі райвыканкам прызнаў падмурак самавольнаю пабудоваю і забавязаў галаву сям’і, Сяргея Чарнагалова, знесці яго за свой кошт. Летась у сакавіку Сяргей падаў пазоў у суд аб прызнанні права ўласнасці на падмурак. Але за пару дзён да суда прадмет пазову прыехалі зносіць.

«На сёння, як мне паведамілі юрысты, прычына зносу – каб знесці прадмет пазову, каб за маёй спінай разбурыць мой пазоў», – кажа Сяргей Чарнагалоў.

Пра знос падмурку Сяргей даведаўся выпадкова. Міліцыя, якую выклікалі браты, Сяргей і Раман Чарнагаловы, каб спыніць разбурэнне фундаменту, узяла бок райвыканкаму. Сяргей з братам да апошняга стаялі на падмурку, каб тэхніка не магла яго знішчыць. І тады працаўнікі міліцыі ўжылі супраць іх сілу і завезлі ў пастарунак. Братоў Чарнагаловых абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі. Пасля ночы ў ізалятары часовага ўтрымання іх прывезлі на суд. Там сваіх сыноў і чакала Надзея Панасюгіна.

«У нас ж рука руку мые і гонар мундзіра бароніць. А людзей – ніхто, толькі гонар мундзіра!» – абураецца Надзея.

Мaю прaвa
Жорсткае затрыманне ў Рэчыцы: надзелі кайданкі, сцягнулі вопратку
2020.03.04 19:05

Штопраўда, суд за хуліганства так і не адбыўся: справу вярнулі ў РАУС на дапрацоўванне, а братоў адпусцілі. Падмурак жа на гэты момант быў ужо цалкам знішчаны.

«Ведаеце, мне балюча, і крыўдна, і смешна, але ў нас у Магілёве я ведаю шмат вольных месцаў, – распавяла нам спадарыня Надзея, – недагледжаных дамоў, усяго. Але камусьці патрэбны менавіта той участак. І камусьці трэба разбіць, разарваць маю сям’ю на часткі».

Менавіта спадарыня Надзея 12 гадоў таму набыла дом у вёсцы Таранава. Пазней дом яна падарыла свайму сыну Сяргею. Ён дом знёс і пабудаваў на надзеле новы падмурак. З гэтага часу і пачаліся праблемы.

«Яны мне абвесцілі, што ў мяне самабуд. Я кажу: не, не самабуд. Я атрымаў дазвол на знос, атрымаў дазвол на будаўніцтва», – кажа Сяргей Чарнагалоў.

Тры гады таму суд Магілёўскага раёну пастанавіў: тэхпашпарт не адпавядае збудаванню, і ануляваў усе рэгістрацыі ды ўгоды.

«Я гэта расцэньваю як захоп маёй зямлі. Калі быў панятак «рэйдарскі захоп», то гэта ён, – распавядае Сяргей Чарнагалоў. – Я падыходжу з пазіцыі права, яны падыходзяць з пазіцыі сілы».

Мaю прaвa
У Глуску за наркотыкі судзяць 71-гадовага пенсіянера. Родныя мяркуюць, што гэта помста міліцыі
2020.02.12 19:05

Каб прыпыніць выкананне рашэння райвыканкаму, Сяргей аднёс заявы ў пракуратуру, міліцыю і ў суд.

«Сяргей просіць прыпыніць знос падмурку. Замест гэтага суддзя адказвае, што яна не можа прыпыніць вытворчасць па справе. У той жа час вытворчасць па справе і прыпыненне абскарджанага дзеяння – гэта зусім розныя паняткі, – тлумачыць сітуацыю праваабаронец Аляксандр Хамратаў. У дадзеным выпадку суддзя або заангажаваная, або не разумее, што яна піша ў сваіх адказах».

Карэспандэнт «Маю права» ўдакладніў у праваабаронца, ці ёсць у Сяргея Чарнагалова выйсце з гэтай сітуацыі.

«Спачатку яму давядзецца даказваць права ўласнасці, затым – незаконнасць зносу, і толькі пасля ён зможа патрабаваць вяртання сваіх грошай», – удакладніў Хамратаў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Маладзён спрабуе давесці, што быў пешаходам, а не кіроўцам
  • У Мазыры дзеці з інваліднасцю могуць пазбавіцца цэнтру
  • Працяг гісторыі з сумнікам у Міханавічах

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.