Сяргей Марчык: Пасля Курдыстану перастаеш наракаць на лёс


Суаўтар рэпартажу «Курдыстан. Пакаленне вайны» прызнаецца, што цяпер патрабуе ў жыцці нашмат менш, чым да здымкаў.

Журналіст лічыць, што беларусам варта паглядзець гэты фільм, бо «сітуацыя курдаў нагадвае сітуацыю на Данбасе».

«І там, і там – падзеленае грамадства. І там, і там – спрэчка двух ідэалогіяў. І там, і там ахвярамі гэтых ідэалогіяў становяцца звыклыя людзі», – кажа Марчык.

«Курды паказваюць, што маюць сваю дзяржаву. Яна не мае межаў, але яна ёсць. Курды змагаліся з Садамам Хусэйнам. Цяпер змагаюцца з ІД. І выстойваюць. Іх прыклад запальвае», – кажа госць праграмы.

«Падчас здымак я зразумеў, што патрабую нашмат менш, чым раней, – прызнаецца Марчык у эфіры. – Там я зразумеў, што нашае жыццё неверагодна камфортнае. Я кажу пра лагеры для ўцекачоў, а пра звычайныя гарады, дзе не вядуцца вайсковыя дзеянні. Пасля вяртання адтуль перастаеш наракаць, перастаеш ныць, скардзіцца і енчыць».

Глядзіце размову з Сяргеем Марчыкам у «Гарачым каментары», а рэпартаж «Курдыстан. Пакаленне вайны» – у пятніцу, 26 траўня, а 22:05 у эфіры «Белсату».