«Мала сказаць: ненавіджу». Вандраванні Пімена Панчанкі


Аўтару гэтых словаў, народнаму паэту Беларусі, публіцысту і перакладчыку Пімену Панчанку споўнілася б 100 гадоў. У Музеі гісторыі літаратуры адкрылася экспазіцыя, на якой можна пабачыць сяброўскія фотаздымкі, асабістыя лісты, рукапісы 1960–1970-х гадоў, даваенныя дакументы, перададзеныя ў фонды жонкай паэта Зояй Кірылаўнай.

«Кніга вандраванняў і любові» – гэтак, паводле аднаго са зборнікаў, назвалі экспазіцыю, бо вандроўкі не спыняліся ўсё жыццё, тлумачыць загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзелу Вольга Гулева: «Нарадзіўся за межамі Беларусі, потым вярнуўся ў сваю родную Беларусь, Бягомльшчыну. І вандраванні працягваліся – ён служыў у Іране, пра што нам сведчыць знакаміты «Іранскі дзённік», ён пабываў у Сараева, у Афрыцы, у ЗША, у Непале. Пра гэта сведчаць сувеніры – непальскія лялькі ці, напрыклад, градуснік, прывезены з Нью-Ёрку».

Падчас адкрыцця адбылося гашэнне маркі з выявай паэта і канверта, які выйшаў накладам 75 000 асобнікаў. А самы кранальны падарунак зрабіла менскае «Дынама» (паэт быў вялікім заўзятарам каманды) – цішотку з прозвішчам Панчанка і нумарам 100 прэзентаваў сын вядомага футбаліста Аляксандра Пракапенкі Дзмітрый.

Асабістымі ўспамінамі падзяліўся паэт Сяргей Законнікаў, які дзесяць гадоў жыў з класікам у адным падʼездзе і часта заходзіў у госці:

«Асабліва запомнілася «Піменава лавачка» ў двары нашага дому. Калі ён яшчэ мог хадзіць, у сонечныя дзянькі выходзіў, і каля яго збіраўся народ. І ён з ім гаварыў, як мудрэц, які сядзіць на прызбе, а сярод ягоных слухачоў – і старыя, і малыя».

Выставу таксама чакаюць вандроўкі – неўзабаве яна выправіцца ў Талін, дзе паэт нарадзіўся, а потым у Маскву.

Глядзіце таксама:

  • Не генератары для АЭС – а капсулы для гасцей гатэлю. Астравец вачыма мастакоў.
  • Прэм’ера паводле О’Гэнры ў Гомлі.

Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык, «Белсат»