Людзі ўсё часцей гінуць на працы. Хто за гэта адказны?


Генадзь Гардзейчык 32 гады прапрацаваў будаўніком на птушкафабрыцы «Дружба» пад Баранавічамі. У дзень смерці ён рабіў франтон будучага птушніку. Здымачная група «Маю права» накіравалася ў Берасцейскую вобласць, каб сустрэцца са сваякамі загінулага.

«Паводле версіі следства атрымліваецца, што ён прайшоў 20 метраў па ваўчку і праваліўся ў вентыляцыйную адтуліну на даху», – распавядае дачка спадара Гардзейчыка Наталля Данільчанка.

Але сваякі Генадзя ў версію следства не вераць. На наступны дзень пасля здарэння калегі спадара Генадзя распавядалі ўжо гісторыю пра шпацыр па страсе. Каб даказаць сумнеўнасць версіі, сыны загінулага зладзілі для нашай здымачнай групы эксперымент. На падлозе крэйдаю яны пазначылі межы адтуліны, у якую нібыта зваліўся іхны бацька : 80х80 см.

«На фотаздымках было бачна, што адтуліна яшчэ была перакрытая драбёстам, – кажа адзін з сыноў, Ігар Гардзейчык. – Я 52-га памеру, а бацька – 62-га. І як ён змясціўся ў гэтую дзірку, не падрапаўшы рук, локцяў, папросту не ўяўляю».

Аб’ектыў
Кіраўніцтва заводу ў Шклове хавае акалічнасці смерці слесара, загінулага на працоўным месцы
2018.08.27 20:26

Толькі праз два тыдні пасля здарэння Наталля Данільчанка дамаглася, каб яе ўключылі ў камісію для расследавання няшчаснага выпадку.

«Мяне прывялі туды, дзе здарыўся той выпадак з бацькам. Там быў насыпаны пясок, такая падушка з пяску. І гэтая адтуліна, у якія зваліўся бацька, была замураваная цэментам», – распавядае Наталля.

Але ў заключэнні напісана: месца няшчаснага выпадку захаванае. На просьбу Наталлі паказаць фотаздымкі з месца здарэння ёй адказалі, што гэта забаронена следствам. Да таго ж Наталля заўважыла: подпісы на галоўных дакументах, напрыклад, на пратаколе аб праверцы ведаў па ахове працы, не падобныя да бацькавага. Але даказаць гэтага не атрымалася…

Аб’ектыў
«Вінаватае начальства». На «Пінскдрэве» вялікі скандал
2018.03.12 22:59

Паводле следства, Генадзь Гардзейчык зваліўся праз вентыляцыйную адтуліну з вышыні чатырох з паловаю метраў праз сваю віну. Чаму на целе няма ніводнай драпіны, вопратка цэлая, але пераламаныя рэбры, хрыбетнік, сцягно ды пашкоджаныя ўсе органы, ніхто не разбіраўся. Карэспандэнт «Маю права» звярнуўся па каментар на птушкафабрыку «Дружба».

«Гэтую траўму мы не хавалі. Аформленая яна як вытворчая. Ён муляр, ён на страсе не мусіў быць! Яму не давалі выконваць заданне там. Усё людзі пацвердзілі, ягоныя калегі. Нават следчы камітэт праводзіў экспертызу, але ніякія факты не пацвердзіліся. Таму я тут каментаваць не магу», – распавяла кіраўніца аддзелу аховы працы прадпрыемства Ірына Сейтанава.

Мaю прaвa
Бязладдзе ў сельскай гаспадарцы: мізэрны заробак і зламаная тэхніка
2018.12.26 19:05

У Алены Яськовай, юрысткі Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, мы ўдакладнілі, хто павінен уваходзіць у склад камісіі для расследавання няшчаснага выпадку, і які дакумент мусіць быць складзены па выніках праверкі.

«Акрамя прадстаўнікоў наймальніка, прадстаўніка Дэпартаменту аховы працы ў камісію расследавання можа ўваходзіць прадстаўнік працаўніка, то бок прафсаюз. Таксама ў склад камісіі можа ўваходзіць сужэнец загінулага на вытворчасці, – тлумачыць спадарыня Яськова. – Акт па форме Н1 – аб няшчасным выпадку на вытворчасці. У ім апісваецца сітуацыя, абставіны, пры якіх здарыўся няшчасны выпадак, і выяўляецца дадзенай камісіяй ступень віны пацярпелага», – кажа юрыстка.

ВІДЭА
Пасля сюжэту на «Белсаце» міліцыя пачала расследаванне смерці працоўнага ў Ганцавічах
2018.01.04 17:05

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Пра траўматызм на вытворчасці ў рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Беларусы – пра загады кіраўніцтва
  • Менчукі супрацьстаяць будоўлі ў сваім двары
  • У Дзяржынску жылы дом можа спаўзці з узгорку

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.