Лукашэнка захварэў? NEXTA на Белсаце


Суб’ектыўныя навіны тыдня ад блогера Сцяпана Святлова.

Што з голасам кіраўніка краіны: ці то захварэў, ці голас сарваў, аддаючы загады? Ці такім голасам лягчэй чыноўнікаў запалохаць – каб гэтак закруцілі, каб ніхто ўжо ніколі не адкруціў.

Ніхто так не здольны клапаціцца пра беларускі народ, як Лукашэнка. Паехаў у Сочы, дзе лыжы, шашлыкі, піва… але пра нас не забыўся: перад ад’ездам загадаў яшчэ мацней закруціць гайкі! Мы таксама клапоцімся пра Лукашэнку: як яму там? Ці хуткія лыжы, ці добра пасмажаная каўбаска?

Горы, сонца, лыжы – гэтак выглядаюць прэзідэнцкія будні. Такая цяжкая праца не кожнаму па сілах. А папрацаваўшы, трэба і адпачыць. Стол сабраны, а на ім – і чарка і шкварка.

Пакуль гатуецца чарговая порцыя шашлыкоў, кіраўнікі краінаў з келіхамі ў руках вырашаюць справы дзяржаўнай значнасці: ці будзе ў Беларусі расейскі рубель, іхная вайсковая база… і ці будзе ўвогуле існаваць Беларусь… Гаспадар сустрэчы як былы працаўнік спецслужбаў умее націснуць на хворае, Аляксандр Лукашэнка як былы калгаснік таксама ўмее: ну не выпадкова ж Рыгоравіч на сустрэчу з Пуціным, рызыкуючы сваёй галавой, надзеў не каску, а шапку – і не проста шапку, а з пампонам, каб хоць гэтак узвысіцца над вялікім і магутным Пуціным. Добра патроліў, але смяецца той, хто смяецца апошнім, Лукашэнку ж на сустрэчы з Пуціным пабачылі ў слязах.

Бацька з дому – дзецям вольніца. Але гэта не пра Беларусь. Перад ад’ездам Лукашэнка загадаў чыноўнікам закруціць гайкі.

«Жалезная мусіць быць дысцыпліна і вынік. Сказана зрабіць лыжы – рабіце! Сказана зямлю капаць – трэба капаць. І хлеб расціць… А куды падзецца? Закручвайце гайкі як след і дзейнічайце!», – загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Што з голасам кіраўніка краіны: ці то захварэў, ці голас сарваў, аддаючы загады? Ці такім голасам лягчэй чыноўнікаў запалохаць – каб гэтак закруцілі, каб ніхто ўжо ніколі не адкруціў.

«Можна па другім разе пачаць закручваць, можна яшчэ што прыдумаць, я думаю, яны прыдумаюць, у іх добрая фантазія».

«Сцягнулі ўжо больш няма куды».

«Ужо дастаткова закручана, людзі ў нас жывуць кепска».

«Я супраць усяго таталітарнага, супраць закручвання»

«Толькі адно зразумець не магу: прычым тут лыжы? Хлеб – зразумела, а вось лыжы і гайкі? І так гайкі падкручаныя».

І тут пашанцавала чыноўнікам – гайкі ўжо закручаныя, а значыць, зноў яны нічога рабіць не будуць. Акрамя аднаго – заробак атрымліваць!

Не ведаем, ці працуюць, ці проста лічбы малююць дзяржаўныя сацыёлагі, але днямі яны падзяліліся звесткамі пра тое, ці давяраюць беларусы парламенту, ураду і мясцовым уладам. Пытанне добрае, толькі наконт даверу да кіраўніка краіны чамусьці не спыталі. Мы выправілі сацыялагічную памылку, зладзіўшы апытанне ў Менску.

«М-м-м, па вялікім рахунку, не».

«Гэта самы лепшы прэзідэнт, і мы жывем у самай лепшай краіне, у краіне для жыцця».

«Кіраўнік краіны мусіць быць чалавекам, які менш за ўсіх будзе рабаваць свой уласны народ».

«Ну як сказаць, скажам так: на сённяшні дзень іншай альтэрнатывы не бачу».

Тады ў даверлівых грамадзянаў – тых, хто давярае кіраўніку краіны, – мы запыталіся крыху інакш:

«Ці давяраеце вы Аляксандру Лукашэнку?»

«Так!»

«А ці даверылі б вы яму свае грошы? Сваіх блізкіх?»

«Не!»

«Грошы? Блізкіх? Ведаеце… Дапусцім, я яму не даверу. Тады каму я даверу?»

«Ці даверылі б вы яму свае грошы? Лес сваіх блізкіх?»

«Такія рэчы давяраюць добра знаёмым людзям, а чалавека, якога ведаеш толькі па тэлебачанні і газетах – цяжка».

Вось і ўсё апытанне: у тэорыі – давяраю, на практыцы – не. Але гэтак жа і з іншага боку: па тэлебачанні і ў газетах нам кажуць адно, а на практыцы – усё інакш.