Лукашэнка з касой у Расеі. NEXTA на «Белсаце»


«Должэн вам сказаць, как історык»… Раней такія пагрозы канчаліся Быкавым, што пісаў вершы, ды Гітлерам, з якім не ўсё толькі кепскае было звязана. Цяпер, аказваецца, «ленінградцы» – асобны народ.

«Хай не пакрыўдзяцца на мяне іншыя народы, але я лічу, што беларусы і ленінградцы пацярпелі ў гады Вялікай Айчыннай вайны больш за іншыя народы. Мы больш, чым хто іншы, разам з ленінградцамі знаходзіліся пад акупацыяй», – сказаў гісторык Лукашэнка.

Як вы ўжо здагадаліся, гістарычны сеанс праходзіў у Санкт-Пецярбурзе, былым Ленінградзе. Калісьці, за 150 гадоў да заснавання гораду, тут было балота, але паводле Лукашэнкі тут ужо тады жыў і працаваў выбітны асветніцкі дзеяч, беларускі першадрукар Францыск Скарына.

Аднак на сустрэчы з Пуцінам гэтага цікавага гістарычнага факту Лукашэнка чамусьці не згадаў. Мо гэта святы Валаам паўплываў на памяць праваслаўнага атэіста. Сюды ён нават паабяцаў вярнуцца. А дакладней – прыгразіў: «Прыеду з сякераю, з пілой, з касою. Ну і пагляджу, як вы тут гаспадарыце».

Відаць, доўга яшчэ плануе Лукашэнка заставацца пры ўладзе – рубіць, касіць ды пілаваць. А таму і інтэрнаўты актыўна стараць кіраўніка краіны – з дапамогаю папулярнага прыкладання «FaceApp». аведацца, як будзе выглядаць Лукашэнка праз 20 гадоў, вырашылі і мы. Ды загрузілі фотку кіраўніка краіны ў праграму. Вынік шакаваў.

Але і не такое можна даведацца, дзякуючы інтэрнэту. Але вось дзіва: у цэнтры Менску хуткасць перадавання звестак у некалькіх разоў ніжэйшая, чымся ў роднай вёсцы Лукашэнкі! Партал the-village.me параўнаў інфармацыю з мапы пакрыцця, а мы адправіліся ў тую самую вёску даведацца, наколькі актыўна «сёрфяць» у інтэрнэце мясцовыя жыхары.

Дарэчы, часамі – непажаданы кантэнт ствараюць і прадстаўнікі ўладаў. Гэтак, вядомы анекдот пра пральню і Міністэрства культуры больш не актуальны. Ну, ці прынамсі Мінкульт трэба замяніць на Мінсельгас, а пральню – на «Нашу Ніву». Бо журналіст менавіта гэтай газеты атрымаў ад прэс-службы ведамства нечаканы адказ.

Зінаіда Берашчэнка, прэс-сакратар Мінсельгасу:

«Паслухайце, ну гэта не тая тэма, якую вы спрабуеце палітызаваць. Спыняйце займацца гэтай х***нёй, там, дзе ёй не трэба займацца».

Гэтак рэзка прэс-сакратарка адрэагавала на пытанне журналіста, чаму міністр сельскай гаспадаркі Беларусі выклаў здымак у цішотцы «Russia». Але не толькі Мін-сель-гас, але і Мі-хал-ок пасылалі на гэтым тыдні журналістаў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Калаж з фота: Yves Herman, Reuters / Alexei Nikolsky / Mikhail Metzel / TASS / Forum