Беларускія «жэншчыны» падкачалі… Мала летась нараджалі! Як тут не плакаць!
Нараджальнасць летась не дацягнула да 88 тыс. З пачатку галодных 90-х да 2015 года дэмаграфія стабільна трымалася над 100 тыс. народжаных на год. Чаму ўпала летась да ўзроўню неспакойнага 1945-га? І чаму не расце дапамога на дзяцей?
Але знайшліся грошы на дапамогу Кітаю (лідару сусветнага экспарту) ад Беларусі (якая займае 65-ае месца ў сусветным рэйтынгу экспарту). Самалёт з 20 тонамі гуманітаркі Лукашэнка накіраваў у Пекін.
«Ім гэтая дапамога папросту не патрэбная, а нам – патрэбная… я б гэтыя медыкаменты накіраваў некуды ў сельскую мясцовасць».
«Дапамагчы можа бульбаю беларускаю, то магчыма».
«Лішні раз можна і грошай даць… хоць у Беларусі наўрад ці будуць грошы».
«А раптам і ў нас будзе нейкае няшчасце, то і нам дапамогуць», – кажуць жыхары Магілёву.«Толькі скажы, што яшчэ мы маглі б зрабіць для вас», – напісаў Лукашэнка ў паведамленні Сі Цзіньпіну…
У адказ, пэўна, чакае чарговых $ 500 млн. Бо калі Расея не дае, то дзе ўзяць?
Калі ўжо пра вірус, то для тых, хто не заўважыў, у Беларусі распаўсюдзіўся свой уласны карана…ваны. Паходзіць са Шклоўшчыны, распаўсюджваецца праз дзяржаўныя медыі, інкубацыйны перыяд – больш за 25 гадоў! Будуе ў галовах страх, апатыю, а потым абыякавасць. Нахіляе, прымушае, маніпулюе. І ніякай вакол яго мітусні! На 26-ым годзе Еўропа сама адчыніла яму дзверы і ніхто не апрануў масак!
У лістападзе Лукашэнка наведваў Аўстрыю. Крыніцы блогера NEXTA ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» цвердзяць, што перад гэтым прыватная аўстрыйская кампанія дапамагла Лукашэнку набыць новы самалёт і сама прыгнала борт у Менск. Жыхары Менску на гэта:
«Ну набыў чалавек, ну ОК! Значыцца яму не стае самалётаў для шчасця».
«Можа дзеля таго, каб зімою прывозіць Санта-Клаўса, каб ён напэўна трапіў у Беларусь».
«Каб тэхагляд не праходзіць на сваім папярэднім самалёце, новы набыў».
«Калекцыю збірае. Нехта машыны, а ён самалёты».
«Я думаю гэта рэзервавы варыянт. Самалётаў мала, а ўцякаць трэба. Самалёты ўсе пад каўпаком. То бок чым больш самалётаў, тым больш шанцаў змыцца».
На такую справу народ не пашкадуе грошай. Самалёт, згодна з каталогам, каштуе $ 61,5 млн. Telegram-канал «Незыгарь» цвердзіць, што разам з абсталяваннем унутры лятак абышоўся краіне ў $ 102 млн.
Магчыма гэта для сына Віктара. Так ці інакш – адныя выдаткі, і гэта калі бюджэт упершыню за шмат гадоў прынялі з дэфіцытам, не дамагліся кампенсацыі ў поўным аб’ёму за брудную нафту ў «сяброўскай» трубе і зніжкі на сыравіну ў новым сезоне.
Раскачаць эканоміку ўнутры краіны, не пераводзячы яе на рынкавыя рэйкі, таксама не атрымліваецца. Даціснем АПК! Лукашэнка вярнуўся да стратных гаспадарак Віцебшчыны, якія шыхтаваў увосень. Цяпер пытаць з кіраўнікоў будзе яшчэ больш:
«Вайна ідзе, а вы балбатнёй займаецеся! Мужыкі, я сур’ёзна кажу, сітуацыя ўжо не тая. Лішніх грошай няма!»
Даўгоў перад бюджэтам у айчыннай прамысловасці – на BR 3 млрд. Віцебскі рэгіён – сярод аўтсайдараў.
Юлія Цяльпук, Сцяпан Святлоў belsat.eu
Калаж з фота: T.ME/NEXTA_TV / Srdjan Ilic, PIXSELL, Forum