«Лукашэнка не разумее, што час каманднай эканомікі прайшоў. Пакуль ён галоўны ў краіне, перспектываў у эканомікі не будзе...»


Расея будзе дамагацца ад Еўразійскай камісіі, каб тая адмяніла сваё рашэнне, якое забараняе зачыняць рынак для беларускіх малочных тавараў. Пра гэта паведаміла выданне «Камерсант».

Рашэнне на карысць беларускіх вытворцаў Еўразійская эканамічная камісія прыняла ў студзені. Яна прызнала незаконнымі дзеянні расейскіх уладаў, якія не дапускалі на свой рынак беларускіх малочных тавараў, што мелі неабходныя ветэрынарныя сертыфікаты. «Рассельгаснагляд» заяўляе, што беларускі ветэрынарны кантроль сертыфікуе прадукцыю заводаў, якія не прытрымліваюцца нормаў. Адначасова «Рассельгаснагляд» звярнуўся да падатковай службы з просьбаю праверыць 36 беларускіх кампаніяў-пасярэдніц. На думку расейскага ведамства, яны незаконна пастаўляюць беларускую прадукцыю ў Расею, выкарыстоўваючы схему «фальшывага транзіту» у Казахстан і Кыргызстан.

Эканаміст Леў Марголін: «…Расейская эканоміка больш рынкавая, прынамсі што датычыцца не нафты, газу, а сельскай гаспадаркі. А беларуская эканоміка не канкурэнтная, яна вельмі зарэгуляваная, таму яна ўсё больш і больш будзе адставаць ад расейскай эканомікі і з цягам часу такіх праблемаў будзе ўзнікаць усё болей. Лукашэнка раз за разам даводзіць да ўраду, што ніякія рэформы не патрэбныя, што мы ідзём правільным шляхам, і што праблемы толькі ў выканаўцаў, што няма дысцыпліны, што патрэбная ваенная дысцыпліна. Ён не разумее, што час каманднай эканомікі прайшоў, што ўжо не 20-е, а 21-е стагоддзе. Таму я не выключаю, што ўрад можа яшчэ не раз змяніцца, але пакуль галоўны ў нашай краіне Лукашэнка, ніякіх рэформаў не будзе, і ніякіх перспектываў у беларускай эканомікі таксама не будзе…»

belsat.eu

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum