Лукашэнка не хоча ці не можа ў Еўразвяз? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


У летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай чым Вялікая Айчынная вайна. Так піша дзяржаўнае агенцтва БелТА. Ці так гэта насамрэч, праверым з гісторыкам Аляксандрам Краўцэвічам.

Больш пра тэмы «Прасвету»:

Лукашэнка хоча ў Еўрапейскі Звяз ці не, а можа яго Расея не пускае?

Яе называюць другім планам Маршала і працягнутаю рукою для краінаў, якія застаюцца пад моцным уплывам Расеі. Праграма «Усходняга партнёрства» святкуе гэтымі днямі сваё 10-цігоддзе. Адным дзяржавам сапраўды ёсць што святкаваць: падпісаныя дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ, спрошчаны візавы рэжым і вялізная фінансавая дапамога. А ці ёсць што адзначаць беларусам? Пра гэта – Вольга Жарнасек.

Аляксандр Краўцэвіч пра два народы Беларусі, падзеленыя на заходнюю і расейскую цывілізацыі. Як засыпаць падзел?

Беларускі народ і краіна сфармаваліся як частка заходняй, еўрапейскай цывілізацыі. Апошнія 200 год нас пераломваюць і перацягваюць у другі бок. Еўропа і Расея – гэта дзве розныя цывілізацыі, так мяркуе прафесар, дырэктар Цэнтру беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэту Аляксандр Краўцэвіч. Дзе праходзіць мяжа Захаду і Усходу? А таксама – ці Вялікая Айчынная вайна была самаю жорсткай у нашай гісторыі, як піша дзяржаўнае агенцтва БелТА? Інтэрв’ю са знакамітым гісторыкам, даследнікам Вялікага Княства Літоўскага.

Схема махлярства з бруднаю нафтаю родам са шпіёнскіх фільмаў. У чым нестыкоўкі?

У Расеі затрымалі чатырох асобаў, якія меліся цэлымі цягнікамі пераганяць брудную нафту наўзамен чыстай. Падлічылі, што яны скралі чорнага золата прыкладна на мільён расейскіх рублёў. Але тады адкуль узяліся сотні тысяч тонаў бруднае нафты? І чаму ў такі момант Масква працягвае ціснуць на беларускія малочныя тавары? Ва ўжо традыцыйных войнах хаўруснікаў разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

Узбаламуціць ваду перад выбарамі. Беларуская місія скандальна вядомага экс-прэзідэнта Літвы

Менск і Вільня могуць разам ажыццяўляць маніторынг за Астравецкай АЭС. Прапанова прагучала напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Літве ў гэтую нядзелю. Яшчэ больш цікава, што аўтар прапановы – літоўскі палітык Раландас Паксас – былы прэзідэнт, якога вінавацяць у сувязях з Масквою. На пасадзе прэзідэнта Паксас пратрымаўся менш за год. 400 тысяч долараў, якія ў свой час Раландас Паксас атрымаў на перадвыбарчую кампанію, сталіся нагодаю для імпічменту: адмысловая камісія сейму прызнала, што палітык можа быць пад уплывам іншых персонаў. І вось цяпер Паксас у Менску. Ці магчымы кампраміс у пытанні Беларускай АЭС, і што думаюць фаварыты прэзідэнцкай гонкі ў Літве пра ініцыятыву былога прэзідэнта? Рэпартаж Аркадзя Несцярэнкі.