Лукашэнка хоча перасядзець Пуціна, а Мясніковіч на калене ў Польшчы. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Аляксандр Лукашэнка цягне час за гарбатай у Сочы, ягоны эмісар Міхаіл Мясніковіч у Польшчы каментуе для «Белсата» а Варшава разам з Вашынгтонам закрываюць беларускі кірунак ракетамі. Як гэта ўсё зразумець? Мы патлумачым у «ПраСвеце» з Сяргеем Пелясою. Тэмы праграмы:

Лукашэнка хоча перасядзець Пуціна ў прэзідэнцкім фатэлі. Як такое магчыма?

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі трохдзённыя перамовы ў Сочы. Такім чынам Дзень закаханых кіраўнікі Беларусі і Расеі адзначылі разам, хоць да любові паміж хаўруснікамі ўсцяж далёка. Крэмль настойвае на глыбейшай інтэграцыі з Менскам і не цураецца пры гэтым эканамічнага ціску. А як вядома, сілаю не быць мілаю… Вольга Жарнасек.

Ці Лукашэнка з Пуціным могуць дамовіцца, і што галоўнае для Крамля ў Беларусі?

Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Валерыяй Касцюговай, палітолагам з аналітычнага праекту «Нашае меркаванне». Поўную версію размовы з разборам беларуска-расейскіх дачыненняў мы апублікуем на сайце і на Youtube-канале «Белсат News».

Беларуска-польская перазагрузка паводле Мясніковіча. Што ў праграме?

Пакуль Аляксандр Лукашэнка дамаўляецца на ўсход ад Беларусі – з Уладзімірам Пуціным у Сочы, дбаць пра дзяржаўныя інтарэсы на заходнім кірунку выправіўся адзін з самых уплывовых беларускіх чыноўнікаў – кіраўнік Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Варшава прыняла Мясніковіча на найвышэйшым узроўні, але ці будуць з гэтага нейкія дывідэнды для Менску? Высвятляў Ігар Кулей.

Што Анджэй Дуда распавёў Міхаілу Мясніковічу пра «выклятых жаўнераў»? Эксклюзіўны каментар для «Белсата»

Старшыня беларускага Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч наведаў маленькую вёску на Беласточчыне на польска-беларускім памежжы, якую цяжка знайсці на мапе. У Заляшанах у 1946-ым годзе аддзел польскіх партызанаў з Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса з псеўданімам Буры знішчыў мясцовых жыхароў, а вёску спаліў. Учора, упершыню ў гісторыі, высокапастаўлены чыноўнік з Беларусі пасля спатканняў з кіраўніцтвам Польшчы ды Падляскага ваяводства наведаў месца трагедыі. Там мы запісалі ягоны каментар пра візіт у Польшчу. Сюжэт Аркадзя Несцярэнкі ды Ігара Кулея.

Варшава закрывае беларускі кірунак ракетамі. А можа, усё-ткі расейскі?

Самы хуткі вайсковы кантракт у гісторыі нашых заходніх суседзяў. Увосень Польшча зацікавілася амерыканскім ракетным комплексам «Гаймарс», а на гэтым тыдні яго набыла. Улічваючы амерыканскую бюракратыю, гэта імгненна, адзначаюць эксперты. Дзяніс Дзюба паразмаўляў з імі пра тое, на што і навошта палякі выклалі амаль паўмільярда долараў.

Ці можам мы ў Беларусі ды ў Польшчы спаць спакойна, што пра гэта думаюць у Варшаве?

Польшча ў хуткім тэмпе ўзмацняе сваю абарону з дапамогаю Злучаных Штатаў. Пастановы пра Форт Трамп з амерыканскімі войскамі ў Польшчы яшчэ не прынялі, а ракетныя сістэмы «Гаймарс» ужо набытыя. Лукашэнка абяцае адрэагаваць на «бразґанне зброяй». У студыі – Павэл Фляйшэр, кіраўнік Інстытуту прагназавання і міжнародных даследаванняў.