Літоўскі электрык піша вершы па-беларуску


Нарадзіўся і жыў за межамі Беларусі, працаваў электрыкам, а цяпер піша вершы на беларускай мове.

Праграма «Вяскоўцы» завітала ў паселішча ў Літве, адкуль паходзіла маці Францішка Багушэвіча. Мясцовыя жыхары дагэтуль памятаюць вершы класіка беларускай літаратуры.

Вядоўца Віктар Шукеловіч завітаў у вёску Ланкеляй, у якой распытаў пра тутэйшую мову, памер пенсіі і заняткі мясцовых жыхароў. Адна з гераінь нарадзілася ў Беларусі, у вёсцы на Ашмяншчыне, у якой у часе Другой сусветнай вайны дзейнічала літоўская школа. Жанчына дагэтуль памятае тэкст, па-літоўску, які некалі вывучыла, але і цяпер не разумее яго сэнсу.

Мясцовы паэт Адольф Бурынскі са Свіранаў некалі працаваў электрыкам, а на пенсіі піша вершы ды байкі на беларускай мове. Ад сваёй непісьменнай маці ён вывучыў вершы, якія, як пазней высветліў, аказаліся творамі Францішка Багушэвіча. Маці спадара Бурынскага ведала таксама слупкі, якія не ўвайшлі ў зборнікі паэта.

У Ланкеляй, якую па-мясцоваму называюць Хрыстоўкай, цытуюць таксама вершы Янкі Купалы, спяваюць беларускія песні ды дэманструюць самаробныя посцілкі.

Людская памяць захавала і трагічныя моманты з сельскага жыцця. Дагэтуль вяскоўцы памятаюць выпадак, калі жанчыну, якая заснула летаргічным сном, палічылі памерлай ды пахавалі.

Каштоўнасць праграмы «Вяскоўцы» менавіта ў яе героях, якія дзеляцца сваімі радасцямі, клопатамі, надзеямі і трывогамі.

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.