Латышка вучыцца быць крылатым гусарам ВКЛ


«Дзяцінства ў мяне скончылася, калі я зламала хрыбетнік. Я зляцела з каня на бетонную пліту», – распавядае Юлія Троксне з Рыгі, гераіня праграмы «Welcome ў Беларусь». Аднак, нягледзячы на цяжкую траўму, яна адкрыла свой конны клуб. Каб засвоіць новыя элементы коннай язды, Юлія адпраўляецца ў Беларусь, не ўяўляючы, якія выпрабаванні напаткаюць яе падчас майстар-класу.

Госцю з Рыгі пагадзіўся навучаць Павел Калінкаў, уладальнік сядзібы «Залатая шпора».

Беларус Павел Калінкоў ды Юлія Троксне з Латвіі

Як і Юлія, Павел захапляецца коньмі, мае ўласную стайню. Акрамя таго, займаецца гістарычнай рэканструкцыяй, удзельнічае ў рыцарскіх турнірах і валодае вялікай калекцыяй строяў і рэплікаў зброі часу Вялікага Княства Літоўскага. Павел прафесійна ладзіць гістарычныя шоу.

«Гэта джыгітоўка, гэта трукі, гэта праца зброяй, гэта рыцары, якія б’юцца ў поўных даспехах, крылатыя гусары. Гэта 1812 год, апошнія абаронцы Вялікага Княства Літоўскага. Мы жывем у гэтай дынамітнай сумесі ды атрымліваем ад гэтага поўны кайф», – з захапленнем распавядае рэканструктар.

Загадкі беларускай гісторыі
Вялікае Княства Літоўскае – Беларусь ці Летува?
2017.05.30 13:08

Павел знаёміць Юлію з кабылай Запяканкай, якая прымае госцю з Рыгі не вельмі ветліва.

«Я казала, што ніколі ў жыцці працаваць з кабыламі не буду, бо гэта як з жанчынамі: сёння я хачу, заўтра – не хачу, сёння ў мяне дрэнны настрой, і я наагул не буду. Я працавала толькі з кастратамі, з коньмі», – дзеліцца ўражаннямі латышка.

Нягледзячы на недавер кабылы, настаўнік Юліі прапаноўвае жанчыне праехацца на Запяканцы спачатку з пікаю, з шабляй, а пазней – у цяжкім даспеху.

Павел дапамагае Юліі апрануць даспех гусара ВКЛ

«Гэта найлепшы даспех, што ў нас ёсць, найпрыгажэйшы – крылатага гусара XVII стагоддзя, Вялікага Княства Літоўскага. Гэта найлепшая кавалерыя тагачаснай Еўропы – тыя, што ўратавалі Вену ад туркаў, грамілі шведаў з велізарнай перавагаю іхных сілаў над нашымі», – распавядае Павел.

Латышка Юлія Троксне ў даспеху крылатага гусара часоў ВКЛ

Ці ўдалося Юліі выканаць усе элементы гусарскай язды ў даспеху? Ці не падвяла яе кабыла Запяканка? Дазнаемся з чарговага выдання праграмы «Welcome ў Беларусь».

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць што нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.