Латы Міндоўга і засмучаны прэзідэнт: трыпціх з Лукашэнкам не пакажуць на менскай выставе


Стэрэатыпная кампазіцыя, памылкі ў гістарычных строях і недакладнае псіхалагічнае разуменне партрэтаў – вось прычыны, з якіх на выставе «Псіхалогія вобразу» ў Менску не зʼявіцца трыпціх з Аляксандрам Лукашэнкам.

Карціну, на якой кіраўнік Беларусі намаляваны побач з сынам, а па баках – Міндоўг і Машэраў, прапанаваў мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі, але адбору камісіі праца не прайшла. Каментуе намеснік старшыні Беларускага саюзу мастакоў Леанід Хобатаў:

«Псіхалагічны вобраз не адпавядае той рэальнасці, якую мы ведаем, а мы ведаем нашага прэзідэнта, ведаем, якая моц за ім, які твар… І валявыя якасці, а тут ён – засмучаны, у сэнсе псіхалогіі – няроўны, у сэнсе формы – таксама, кволая форма…».

На Міндоўга ж мастак апрануў латы родам з ХІІІ стагоддзя. Агулам арганізатары выставы кажуць, што не чакалі гэткай зацікаўленасці мастакоў – журы, складзенае з сяброў Саюзу мастакоў, атрымала 250 прапановаў, з якіх з-за абмежаванасці прасторы выставачнай залы мусіла абраць каля сотні.

«Псіхалогія вобразу» – выстава партрэтаў, а гэты жанр патрабуе не толькі таго, каб убачыць героя, але і зазірнуць яму ў вочы – што не заўжды проста, мяркуе Леанід Хобатаў:

«Вочы ў вочы – гэта сёння правакуе тэму ўсё ж псіхалогіі. Гэта цікава, і гэта перспектыўна».

Выстава распачалася сёння ў сталічным Палацы мастацтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шчыра, сціпла і вершамі – гарадзенцы размаўляюць пра каханне.

Гукі з XIX стагоддзя гучаць у Гомлі

Лідар «Ленінграду» Шнур думае пра Эрмітаж.

Вольга Гардзейчык, «Белсат»