Кубак Салея ў Воршы: страшны сон менскага «Дынама»


Хакейны ўікэнд у Воршы! Упершыню мясцовая лядовая арэна прымае «фінал чатырох» Кубка Салея. Які, дарэчы, скончыўся правалам для менскага «Дынама».

«Зубры» у суботнім паўфінале саступілі свайму ж уласнаму фарм-клубу – «Дынама» з Маладзечна. І гэта была сапраўдная сенсацыя. У матчы за трэцяе месца яны зноў расчаравалі сваіх прыхільнікаў, аддаўшы перамогу «Нёмну» у оўвэртайме. Калі нават на фоне камандаў з чэмпіянату Беларусі «дынамаўцы» выглядаюць так няўпэўнена, што ж будзе ў новым сезоне КХЛ?

Заўзятары ХК «Дынама» (Менск) дзеляцца меркаваннем:

«Па камандзе відаць, што яна яшчэ незгуляная. Прыехалі легіянеры. Пакуль яшчэ заўважна, што ёсць над чым працаваць. Але ў Вудкрафта ўжо быў досвед. Спадзяюся, да старту ў КХЛ выбудуе гульню».

«Ну, пачатак пакладзены. Не найлепшы, не такі, якога мы чакалі… Але каманда была ў поўным складзе сабраная толькі тыдзень таму фактычна. Таму зараз падбяруць правільную «хімію» і канцавы вынік, мяркую, будзе прыямнейшы».

Дарэчы, ажыятаж у Воршы з нагоды прыезду зорных менскіх «дынамаўцаў» быў не надта вялікі. Ды і афішаў у горадзе амаль не назіралася. Мясцовыя жыхары распавялі, што аршанскі «Лакаматыў» збірае болей гледачоў на тутэйшых трыбунах:

«Ну нешта… На «Лакаматыў» ходзіць болей народу. Чакалі прыгожай гульні ад менскага «Дынама». Але яго гульцы нас, шчыра кажучы, расчаравалі. Хацелася б бачыць каманду, якая гуляе ў КХЛ. А тут неяк… Не вельмі нам спадабалася менскае «Дынама».

«На «Лакаматыў» прыходзіць недзе паўтары тысячы, паводле маёй ацэнкі. Я хаджу пастаянна на матчы. З унучкай, сям’ёй… Нашыя ўсе чыгуначнікі падтрымліваюць каманду. Шкада, што мы ў Экстралізе не будзем гуляць. Нашаму «Лакаматыву» час там ужо гуляць».

Можа, калісьці аршанскі клуб і будзе весці рэй у нашым хакеі, але пакуль за ўзнагароды змагаюцца іншыя. У фінале Кубка Салея сустрэліся сталічнае «Юнацтва» і ўжо згаданае «Дынама» з Маладзечна. У першым перыядзе сумаваць гледачам не давялося – «Юнацтва» закінула дзве шайбы цягам дзвюх хвілінаў. Але менчукі былі на кані нядоўга – страцілі перавагу яны гэтак жа хутка, як і стварылі.

Арцемій Чэрнікаў, нападнік ХК «Юнацтва»:

«Заўсёды, калі забіваеш гол (тым больш два адразу), – адбываецца нейкае мінімальнае разняволенне. Трэнеры нам казалі рабіць нешта, але мы недзе разнявольваліся, не выконвалі… Гэта вылілася ў дзіцячыя памылкі ды галы ў нашыя вароты».

Такім чынам, ужо на 10-й хвіліне матчу на табло аршанскай лядовай арэны былі лічбы 2:2, якія абяцалі вясёлую ды інтрыгоўную барацьбу ў далейшым. Барацьба сапраўды была, але ўжо пры мінімуме закінутых шайбаў. Гол, які стаў вырашальны, правёў у сярэдзіне другога перыяду расейскі форвард «Юнацтва» Максім Мальцаў. Адказаць на яго маладзечанцы ўжо не здолелі да самай фінальнай сірэны.

Гульцы адзначылі файную атмасферу на аршанскіх трыбунах. Арцемій Чэрнікаў, нападнік ХК «Юнацтва»:

«Лядовы палац шыкоўны, гасцініца нармалёвая, усё супер. Заўзятараў было шмат, гэта падганяла. Атмасфера вельмі спадабалася. Прыемна, што ў Воршы людзі так ходзяць на хакей».

Станіслаў Лапачук, нападнік ХК «Юнацтва»:

«Лічу, што гэта някепска, – прыехаць у іншы горад. Людзей сёння прыйшло даволі шмат. У нас па ўсёй краіне людзі цікавяцца хакеем. І ў каго няма магчымасці паехаць – каманды самі прыязджаюць да іх, гуляюць. Таму гэта выдатна!»

Галоўны трэнер «Юнацтва» Міхаіл Захараў адзначыў пасля матчу, што хацеў сустрэцца ў фінале менавіта з менскім, а не маладзечанскім «Дынама». Для яго, а значыць, і яго каманды, гэта традыцыйна прынцыповы апанент:

«Усе хочуць супраць менскага «Дынама» згуляць. Дзмітрыю Краўчанку ўдалося, Сяргею Пушкову ўдалося… Мне, на жаль, не ўдалося».

А для Арцемія Чэрнікава, які сам калісьці выступаў за Маладзечна, наадварот, было прыемна сустрэцца з былым клубам:

«Менскае «Дынама» – гэта КХЛ, іхны ўзровень мусіў бы быць вышэйшы, чым у Маладзечне. Але хлопцы з Маладзечна малойцы, яны вырвалі тую перамогу. Я за іх толькі рады! Прыемна было згуляць са сваёй былой камандай».

Кубак Салея – гэта толькі прэлюдыя да новага хакейнага сезону. Ужо 25 жніўня распачнецца нацыянальны чэмпіянат, у дэбютным матчы якога сустрэнуцца «Юнацтва» і гарадзенскі «Нёман». А там неўзабаве стартуе ў КХЛ і шматпакутнае менскае «Дынама», якому лепш забыцца пра мінулы аршанскі ўікэнд як пра страшны сон.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu