«Крутыя» з 90-х, дзе яны цяпер?


Фота на перапраглядзе pinterest. com

Нягледзячы на тое, што 90-я гады ў Беларусі былі перыядам руху, развіцця і драйву, гісторыкі лічаць гэтае дзесяцігоддзе «забытым» часам. У краіне ўзнікала новая дзяржаўнасць, хутка развівалася культура і квітнеў бізнес, ствараючы новую беларускую нацыю – вольную ды еўрапейскую.

Героі новага выпуску «Людскіх справаў» – людзі, якія ў 90-я пачуваліся камфортна, шмат зараблялі, былі ініцыятыўнымі. Але мала хто з іх застаўся «на кані».

Уладзімір Галкоўскі разам з сябрам у 90-я адкрыў ювелірную майстэрню, якая працуе і зараз. Такіх майстэрняў было некалькі на ўвесь Менск і часам трэба было гадамі чакаць сваёй чаргі, каб зрабіць пярсцёнак, завушніцы ці крыжык. Вядома, памятае Уладзімір і «самых сур’ёзных людзей» з 90-х, якія замаўлялі ў іхнай майстэрні залатыя ланцугі ды бранзалеты.

«Золата праходзіла кілаграмамі, бо калі ў майстэрні працавала 10 чалавек і праз кожнага праходзіла па кілаграме ў месяц, то можаце толькі ўявіць, колькі ішло агулам», – узгадвае спадар Уладзімір.

Людзей, якія маглі дазволіць сабе такія дарагія ўпрыгожванні было няшмат: 20-30 чалавек на ўсю краіну. Але час гэтых багатых беларусаў вельмі хутка прайшоў. Уладзімір Галкоўскі лічыць прычынамі такіх зменаў пастаянныя траты і адсутнасць укладанняў і развіцця. Сам майстар лічыць, што 90-я шмат чаму яго навучылі і невядома, ці змог бы ён захаваць бізнес да цяперашняга часу, калі б не прайшоў гэты этап.

Музыка Зміцер Хаменка таксама памятае 90-я не па чутках. У тыя часы ён зарабляў тым, што граў у менскіх кааператыўных рэстаранах, дзе адпачывалі, ладзілі вяселлі і дні народзінаў крымінальныя аўтарытэты. Зміцер распавядае, што бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі ўстановы раілі музыкам пакінуць вечарыну ў перапынку, каб не займець праблемаў.

Як атрымалася, што на змену бандытам прыйшлі старшыні райвыканкамаў і сельсаветаў і ці ёсць ад гэтага толк? Што мы страцілі ў 90-я? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукае аўтар праграмы Алесь Залеўскі разам з гасцямі ў студыі «Людскіх справаў»: Андрэем Клімавым, адным з самых уплывовых прадпрымальнікаў 90-х, і Пятром Рудкоўскім, дырэктарам Інстытуту стратэгічных даследаванняў BISS.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.