Крэмль цісне, а Беларусь набліжаецца да НАТО і Еўразвязу. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


На пытанні «Прасвету» аб дачыненнях Беларусі з НАТО і Еўразвязам адказваюць міністры замежных справаў Латвіі, Літвы, Польшчы ды амбасадар ЕЗ у Беларусі. Таксама ў праграме рэпартаж са штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага Альянсу.

Міністр замежных справаў Літвы: БелАЭС – праблема не толькі Літвы і Еўразвязу, але і Беларусі

Сёння няма патэнцыялу небяспекі з боку суседзяў Літвы, але ёсць патэнцыял нестабільнасці. БелАЭС – праблема не толькі Літвы і Еўразвязу, але і Беларусі. Пра гэта ў інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Лінасам Лінкявічусам, кіраўніком літоўскай дыпламатыі. Літоўскі палітык сустрэўся з журналістам «Белсату» падчас Атлантычнай рады – сустрэчы міністраў замежных справаў НАТО ў Бруселі.

Беларусь асцярожна набліжаецца да НАТО на фоне ціску з боку Крамля

Пра гэта сведчаць шматлікія спатканні дыпламатаў і вайскоўцаў, а таксама праца над двума важнымі дакументамі. Гаворка ідзе пра новую версію індывідуальнай праграмы партнёрства і супрацы Альянсу з Менскам, а таксама пра дамову аб абмене інфармацыяй. У штаб-кватэры Альянсу на пытанні Сяргея Пелясы пра дачыненні з Беларуссю адказалі генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг і міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч. Рэпартаж Сяргея Пелясы.

Міністр замежных справаў Латвіі: час падпісаць дамову Беларусі з НАТО

Паміж Беларуссю і Латвіяй апошнія два-тры гады развіваюцца добрыя дачыненні паміж міністэрствамі абароны. Гэта патрэбна дзеля таго, каб пазбегнуць інцыдэнтаў падчас шматлікіх вайсковых вучэнняў, якія адбываюцца на тэрыторыі нашай краіны і яе суседзяў. Прыйшоў момант падпісаць дамову паміж НАТО і Беларуссю, што не азначае далучэння нашай дзяржавы да Альянсу. Ці Беларусь магла б удзельнічаць у вучэннях НАТО? Якія тэмы плануюць закрануць падчас магчымага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу? Падрабязней у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Эдгарам Рынкевічам, міністрам замежных справаў Латвіі.

Калі Еўразвяз дасць згоду – Латвія зможа купляць электрычнасць з БелАЭС

Лукашэнка збіраецца ў Латвію. Менск і Рыгу яднае шмат старых бізнес-праектаў, найбуйнейшы з якіх – транзіт угнаенняў і нафтапрадуктаў. Латвія таксама зацікаўленая ў электрычнасці з Беларускай АЭС, што не падабаецца яе суседцы, Літве. Кіраўнік Латвійскага інстытуту міжнародных Справаў Андрыс Спрудс запэўнівае: набываць энергію будуць толькі калі ў Еўразвязе скажуць, што астравецкая станцыя – бяспечная. Сюжэт Юліі Цяльпук.

Аб’яднаная Еўропа не задаволеная выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Інтэрв’ю з амбасадарам Еўразвязу ў Беларусі Дыркам Шубэлям

Еўрапейскі звяз хоча дапамагчы Беларусі зрабіць БелАЭС максімальна бяспечнай. Тым больш што катэгарычна супраць электрастанцыі выступае Літва, што тармозіць падпісанне паміж Менскам і Бруселем пагаднення аб Прыярытэтах партнёрства. Аднак выйсце з патавай сітуацыі ёсць. Чаму Еўразвяз не надта задаволены вынікамі выбараў у Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь і што яшчэ можна паспець зрабіць да прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных налета? Пра гэта ў інтэрв’ю Аліне Коўшык распавёў амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.