Кошты на нафту зноў спрыяюць Лукашэнку – і тармозяць рэформы


Вадзім Іосуб задае ў студыі Белсату рытарычнае пытанне: Навошта нам урад?

Міжнародны валютны фонд не дае Беларусі чарговага крэдыту, бо не праводзяцца рэформы. А не праводзяцца яны таму, што для ўладаў зноў склалася спрыяльная вонкавая кан’юнктура – і яны з гонарам заяўляюць, што крэдыту не надта і хацелася.

Нерэфармаванне стратных дзяржпрадпрыемстваў – «ключавы пункт ўзаеманепаразумення беларускіх уладаў з МВФ», адзначае фінансавы аналітык Вадзім Іосуб. Таму місія фонду, якая днямі прыехала ў нашую краіну, тэхнічная: у парадку дня пытанне аб крэдыце не стаіць. Але беларускі ўрад заяўляе, што крэдыт ужо папросту не надта і патрэбны.

Гэтак, першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі заявіў у чацвер, 2 лістапада, што Беларусь не мае патрэбы ў экстраным атрыманні крэдыту МВФ. Пры гэтым урадовец прызнаў: «У нас пакуль разышліся бачанні па хуткасці рэалізацыі некаторых дзеянняў». «Калі рэформы не падтрымліваюцца грамадствам, лепш такія рэформы не праводзіць», – дадаў віцэ-прэм’ер.

Такая рыторыка можа быць абумоўленыя тым, што зноў склалася ўдалая вонкаваэканамічная канʼюнктура. І сапраўды назіраецца невялікі рост ВУП.

«Склаліся ўсе зоркі, – кажа Вадзім Іосуб. – Скончылася нафтагазавая вайна з Расеяй. Істотна выраслі кошты на нафту, а значыць, і на нафтапрадукты – гэта асноўная частка нашага экспарту. Выраслі кошты на калійныя ўгнаенні. Аднаўляецца пасля падзення эканоміка ў Расеі – у выніку яна павялічыла попыт на беларускую прадукцыю машынабудавання і прадукты харчавання. Вось і ўсе прычыны, чаму адбываецца рост».

Заслугі ўраду тут няма, паспрыяла вонкавая кан’юнктура, кажа эксперт.

«У такой сітуацыі ўзнікае пытанне: навошта наагул беларускі ўрад?», – дадае Іосуб.

Падрабязней пра тое, як уладам могуць адгукнуцца дэдаларызацыя і абяцанне давесці заробак да Br 1000, у якой валюце сёння лепш трымаць зберажэнні – у поўным выданні перадачы «Размова дня» са Святланай Калінкінай.