Колькі каштуе камуналка за кратамі?


За чый кошт жывуць асуджаныя ў месцах зняволення? Вы думалі, за наш з вамі? А вось і не. На прыкладзе Пятра Кучуры, які адбывае пакаранне ў калоніі № 15 у Магілёве, мы высветлілі, што пенсіянеры і інваліды плоцяць за сябе і яшчэ за таго хлопца. Вольга Васільева распавядае.

Жонка асуджанага Пятра Кучуры Людміла звярнулася ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, каб высветліць, у колькі ейны муж абыходзіцца дзяржаве. Бо па ўласных падліках жанчыны, зняволены ў папраўчай калоніі нумар пятнаццаць ейны муж Пётр Кучура аплочвае камуналку амаль роўную жыроўцы за трохпакаёвую кватэру ў Менску.

«Падагрэў вады, вось яны таксама пішуць – падагрэў вады, але ў мяне ж вада 24 гадзіны за содні гарачая, у калоніі асуджаныя толькі раз на тыдзень прымаюць лазню. У іх няма гарачай вады. Ужо падагрэў у іх менш павінен быць, бо толькі чатыры разы на месяц яны карыстаюцца гарачаю вадою», – кажа жонка асуджанага Людміла Кучура.

Пенітэнцыярная ўстанова выдала даведку, паводле якой з пенсіі па ўзросце Пятра Кучуры штомесяц вылічаюць грошы за харчаванне, камунальныя паслугі, сродкі асабістай гігіены і вопратку. Рахункі, мякка кажучы, дзіўныя. Гэтак, вады ў калонію нібыта прыйшло ў 15 разоў меней, чымся выйшла. І гэта толькі пачатак…

«У чэрвені кожны асуджаны скарыстаў дзесьці 100 кілаватаў. Калі мы бяром чэрвень, самы доўгі светлавы дзень, ужо атрымліваецца электраэнергіі мала. Плюс я ведаю, як на адзін атрад адзін халадзільнік, адзін тэлевізар недзе ў пакоі. Калі ў атрадзе 100–120 чалавек і з кожнага ўтрымліваюць за 100 кілаватаў, значыць, як гэта разумець, што кожны за гэтую лямпачку сплаціў? Гэта ж абсурд», – гаворыць Людміла Кучура.

Падазрона вялікія кошты за камуналку тлумачыць праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які адбываў пакаранне ў гэтай жа калоніі. Расходы месца адбывання пакарання кладуцца на плечы асуджаных. Каб разлічыцца за камуналку, да іхных даходаў – заробку ці пенсіі – ужываецца пэўны каэфіцыент:

«З пенсіі асуджанага могуць утрымліваць суму ў 10 разоў болей, чымся з заробку асуджанага. У нас заробак вагаецца ад 1 да 5 рублёў. І вызначыць, якою логікаю карыстаецца калонія, акрамя логікі любым спосабам пакрыць свае выдаткі, іншай логікі тут не існуе».

Грошы спаганяюць з усіх, але ў рознай колькасці. Тых жа, хто скардзіцца, караюць. Гэтак пасля зваротаў сям’і Кучураў, да вязня сталі часцей чапляцца. Цяпер у Кастрычніцкім судзе Магілёва разглядаюць скаргу асуджанага на атрыманне ім двух спагнанняў.

Сын асуджанага Канстанцін Кучура кажа:

«У гэтым выпадку яму ў віну ставяць тое, што ён пры асабістай гутарцы са мною лаяўся матам, што і стала падставаю для накладання на яго спагнання. Вось мы і хочам апратэставаць гэта, бо ў мяне ёсць неабвержныя доказы, што матам ён не лаяўся».

Сакратар Магілёўскай назіральнай камісіі для нагляду за месцамі пазбаўлення волі Барыс Бухель кажа, што камісія ўжо запланавала наведанне папраўчай калоніі нумар 15. І абавязковы пункт праграмы – сустрэча з Пятром Кучурам. Барыс Бухель з камісіі па нагляду за месцамі пазбаўлення волі лічыць:

«Самавольства адміністрацыі калоніі – у размеркаванні разліку за камунальныя паслугі і тое, што накладваюцца спагнанні на чалавека па любой надуманай нагодзе».

На сваю скаргу ў дзяржаўны кантроль па магілёўскай вобласці Людміла Кучура атрымала адпіску. Каб раскрыць таямніцу налічэння камунальных плацяжоў на асуджаных, жанчына збіраецца пісаць скаргу вышэй – гэтым разам у рэспубліканскі Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Пра жыроўкі ў калоніі для зняволеных размаўляем з праваабаронцам Васілём Завадскім:

«У адпаведнасці з нашым заканадаўствам на кожнага зняволенага прыходзіцца 2 кв. м. жылой плошчы. Рэальна недзе так і ёсць. І палічыце самі, што за гэтыя 2 кв. м. чалавеку прыходзіцца плаціць як за трохпакаёвую кватэру ў Менску. Я бачу тут дыскрымінацыю. Грошы гэтыя бяруць з тых людзей, якія могуць заплаціць, у дадзеным выпадку з пенсіі, таму што пенсіянеры маюць сталы даход. Тыя, якія працуюць. У законе так і напісана, што тыя, якія не працуюць па незалежных ад іх абставінах, не аплочваюць шэраг паслугаў. Значыць, перакладаецца на плечы тых, хто працуе ці пенсіянераў…»

belsat.eu