Колькі каштуе доктар? Новыя падрабязнасці «справы медыкаў»


Гучыць як анекдот: намеснік міністра аховы здароўя не змог атрымаць належнага лячэння ў Беларусі і браў хабары, каб лячыцца за мяжою. Між тым, менавіта такія факты выкрываюцца падчас судовых слуханняў «справы медыкаў». Чыноўнікі ад медыцыны шчыра распавядаюць, на што трацілі хабары, але не могуць уцямна патлумачыць, за што гэтыя грошы атрымлівалі.

Госць праграмы «Размова дня» журналіст Віктар Федаровіч падчас абмеркавання праблемы з вядоўцай праграмы Святланаю Калінкінай зазначыў, што самая сабой «справа медыкаў» досыць тыповая – хабары ў Беларусі даюць усе і ўсім. Але ёсць і свае белыя плямы: былыя чыноўнікі ў большасці выпадкаў так і не здолелі патлумачыць, за што ім давалі грошы.

«Быў такі цікавы эпізод: з нейкай кампаніяй заключалі дамовы на пастаўку расходных матэрыялаў. Ужо з дзясятак дамоваў заключылі, ніякіх прапановаў, нічога такога не было. Яны проста запрасілі яго ў госці ды ўручылі ў капэрце ці то 300, ці то 600 рублёў. І пасля гэтага яшчэ дзясятак дамоваў заключылі. Яны не давалі яму хабару за тое, каб ён з імі абавязкова заключаў дамовы. Гэта была, хутчэй, пакупка лаяльнасці. Я б назваў гэта не хабарам, а подкупам», – распавядае спадар Федаровіч.

Лагічны працяг «справы медыкаў» зноў прыцягнуў увагу грамадства: гучныя затрыманні высокіх функцыянераў ад медыцыны летась нарэшце скончыліся судовым працэсам. Больш пра тое, што адбываецца ў судовай зале і якіх сенсацыяў чакаць падчас будучых судовых паседжанняў, глядзіце ў праграме «Размова дня».