Кіроўцу прымушаюць працаваць на гнілым ламаччы і пагражаюць звольніць


Пазалетась у жніўні мазыранін Іван Маро скончыў сельскагаспадарчы каледж. Па размеркаванні яго накіравалі на прадпрыемства «Козенкі-Агра», што ў Мазырскім раёне.

З адукацыі Іван – тэхнік-механік, але ўладкавалі яго кіроўцам. Стары МАЗ, які дастаўся яму, быў няспраўным і нават не меў тэхагляду.

«Мне казалі: «Калі не хочаш ездзіць, мы цябе звольнім па артыкуле, навошта нам такі кіроўца?» А як малады спецыяліст толькі ўладкаваўся, – распавядае Іван. – Мне дырэктар прапанаваў звольніцца на ўласнае жаданне, нібы я не выконваў нарады. Але тэхніка была няспраўная. Я яму адказаў, што я малады спецыяліст і мушу адпрацаваць свой тэрмін па размеркаванні».

Дапамогі малады спецыяліст у неабходным тэхнічным абслугоўванні так і не дачакаўся.

«Быў набыты новы цыліндр, якія я самастойна ўсталяваў, хоць і прасіў слесараў, зваршчыкаў і інжынераў, каб мне дапамаглі», – кажа Іван.

У выніку цыліндр не вытрымаў нагрузкі ды разарваўся. Тады з’явіўся загад вылічыць з заробку Івана 833 рублі – за нанесеную прадпрыемству шкоду. З дапамогаю праваабаронцаў хлопец абскардзіў рашэнне ў судзе. Ён дамогся, каб галоўнага інжынера і дырэктара «Козенкаў-Агра» прыцягнулі ў суадказчыкі. Але гэта яшчэ не канец.

«Цяпер пішуць дакладныя, што я, нібы, адмаўляюся ад працы, але насамрэч яны не забяспечваюць мяне ўсім неабходным: матэрыялам, інструментамі, працаўнікамі. Я так разумею, хочуць мяне звольніць за парушэнні працоўнае дысцыпліны», – гаворыць Іван.

Уладзімір Целяпун з праваабарончага цэнтру «Вясна» кажа, што парушэнняў з боку «Козенкаў-Агра» сапраўды шмат.

«Тут парушэнне было і Працоўнага кодэксу, і калектыўнай дамовы. Само прадпрыемства нават не ведае, што ў іх у дамовах было», – тлумачыць юрыст.

Праваабаронца кажа, што ў падобнай сітуацыі маладому спецыялісту неабходна фіксаваць усе парушэнні ды дабівацца скасавання кантракту з віны працадаўцы. У дадзеным выпадку Іван Маро атрымае яшчэ і грашовую кампенсацыю.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Праваабаронца са Светлагорску трапіла пад інфармацыйную атаку
  • Беларусы – пра абаронцаў сваіх правоў
  • Чарговы прыклад капітальнага рамонту ў сталіцы
  • Асобам з кахлеарнымі імплантатамі патрэбная дзяржаўная дапамога

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.