Кіроўца скочыў з моста. Гісторыя атрымала працяг


Кіроўцу Гарадзенскага аўтапарку Мікалаю Мурачу раптам не працягнулі кантракт. Ён мяркуе, што яго звольнілі за скаргі на кіраўніцтва.

«Пад канец 2017 года наш калега, які ехаў на маршруце, спыніўся, адчыніў усе дзверы, пасажыры выйшлі, бо думалі, што аўтобус зламаўся. Але кіроўца пералез праз агароджу і… скочыў з моста. Гэты выпадак вельмі расхваляваў нашых калег, шмат хто быў незадаволены кіраўніцтвам, сітуацыю выкарысталі, каб паскардзіцца на ўсе парушэнні», – распавядае Мікалай Мурач.

Кіроўцы падалі на аўтобусны парк чатыры скаргі: у Адміністрацыю прэзідэнта, пракуратуру, санстанцыю і ў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Але паляпшэння ўмоваў Мікалай Мурач не дачакаўся, бо яго звольнілі.

Мужчына запатрабаваў у судзе, каб аўтапарк змяніў артыкул у ягонай працоўнай кнізе з 38-га на 41-шы. То бок прызнаў, што парушаў працоўныя правы кіроўцы, і выплаціў яму тры сярэднямесячныя аклады. Адстойваць правы ў судзе Мікалаю дапамагала грамадзянская ініцыятыва «Гародня».

«Да нас звярнуліся хлопцы, якія працуюць у аўтобусным парку. Людзі былі занепакоеныя, яны казалі пра тое, што дырэктара будзе падтрымліваць усё гарадское кіраўніцтва, кіраўніцтва вобласці, што ў яго вялікія сувязі ў пракуратуры і міліцыі, гэта значыць, што ўсе будуць за яго. На жаль, так і атрымалася», – разводзіць рукамі Анатоль Мышкевіч, прадстаўнік кіроўцаў з незалежнага прафсаюзу РЭП і актывіст ініцыятывы «Гародня».

Але нягледзячы на спробы запалохвання, Мікалай Мурач дайшоў да суду. І той задаволіў іскавую заяву, абавязаўшы аўтапарк памяняць артыкул у запісе працоўнай кніжкі ды выплаціць тры сярэднямесячныя аклады.

Перамога ў судзе, аднак, не забяспечыць нашаму герою новай працы. Беларусы шмат на што гатовыя пагадзіцца, каб не страціць акладу, але прыгнёт усё часцей вымушае іх на акцыі пратэсту.

Працаўнікі ААТ «Пінскдрэў» запісалі і выклалі ў сеціва відэаролік, у якім яны ў масках распавядаюць пра прыгнёт з боку кіраўніцтва і шкодныя ўмовы працы. У іншым роліку, які нядаўна з’явіўся ў сетках, брыгадзірка з Гомельшчыны б’е свайго падначаленага папругаю.

Як змагацца з праблемай і што трэба рабіць, каб працадаўцы не прыніжалі сваіх падначаленых і неабгрунтавана не звальнялі іх пасля спробаў абараніць свае правы? Пра гэта ў студыі разам з гасцямі разважае аўтар праграмы «Людскія справы» Алесь Залеўскі.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.