Каронавірус: дзе сітуацыя найбольш цяжкая?


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Каронавірус: дзе сітуацыя найбольш цяжкая?

Докшыцы, Віцебск, Менск. Выданне «Наша Ніва» падрыхтавала спіс раёнаў і гарадоў, дзе рэгіструецца найбольшая колькасць хворых на пнеўманію і каронавірусную інфекцыю. Апроч пералічаных, найбольш трывожная сітуацыя таксама ў Лунінцы, Лельчыцкім, Акцябрскім, Жыткавіцкім, Буда-Кашалёўскім раёнах, а таксама ў Астраўцы.

Каронавірус: сітуацыя ў Магілёўскім шпіталі

Паніка і шмат незразумелага. Былыя пацыенты Магілёўскага інфекцыйнага шпіталю распавялі парталу mspring.online пра ўмовы ўтрымання ў медычнай установе і рызыкі, з якімі яны сутыкнуліся падчас знаходжання ў больніцы. Да прыкладу, вялікай праблемай стала агульная прыбіральня, якая месціцца ў калідоры, – адна на ўсё аддзяленне. Адпаведна, туды ходзяць пацыенты як з пацверджаным дыягназам, гэтак і тыя, хто чакае вынікаў тэсту на каронавірус.

Таксама былыя пацыенты распавялі, што два з чатырох паверхаў шпіталю амаль цалкам занятыя асобамі, у якіх ужо пацвердзіўся «Ковід-19». Такім чынам, заразіцца каронавірусам у шпіталі нават лягчэй, чымся на вуліцы, лічаць былыя пацыенты.

Петыцыя супраць параду

Дзве з паловай тысячы беларусаў – супраць правядзення параду Перамогі падчас пандэміі. Адпаведную петыцыю з патрабаваннем адмяніць імпрэзу старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч накіраваў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

«Людзі зараз намагаюцца не выходзіць з дому. Натуральна, ніхто не пойдзе на гэтую масавую імпрэзу, каб рызыкаваць і заразіцца каронавірусам».

Бюджэтныя грошы, якія плануецца выдаткаваць на правядзенне параду, падпісанты прапаноўваюць выдаткаваць на закупку апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Кашпіроўскі – пра плюсы каронавіруса

Славуты некалі псіхатэрапеўт Анатоль Кашпіроўскі – зноў у топе ў гледачоў. Гэтым разам выступы Кашпіроўскага вельмі папулярныя на Youtube, дзе 80-гадовая былая зорка тэлебачання распавядае пра мінусы і плюсы каронавіруса. «Аздараўленчыя сеансы» Анатоля Кашпіроўскага набіраюць у сацыяльных сетках дзясяткі тысяч праглядаў.