Італьянец прыехаў у Беларусь, каб скараць… горы!


Італьянец Паўлё Маджора шмат гадоў захапляецца скалалажаннем. У Беларусі ён ужо трэці раз і гэтым разам паставіў сабе дакладную мэту.

«Сакрэтны матыў гэтага падарожжа ў тым, што я хачу даследаваць беларускія горы, бо я жыву ў гарах, і яны мне вельмі падабаюцца», – кажа Паўлё.

Зразумела, што італьянец адразу замахнуўся на самыя высокія месцы ў Беларусі – на Дзяржынскую і Лысую горы. Даследаванне гэтых мясцінаў не стала для альпініста вялікім выпрабаваннем, але пэўным чынам здзівіла. Вышыня Дзяржынскай гары – 345 метраў над узроўнем мора.

У Італіі Паўлё жыве побач з Альпамі. Там ён падняўся амаль на ўсе вяршыні гэтых цудоўных гораў. Напрыклад, на масіў Монтэ Роза, дзе самы высокі альпінісцкі прытулак у Еўропе, на вышыні прыблізна 4550 метраў. Але ж і ў беларускіх краявідах італьянец пачуваецца добра.

«І няхай тут раўніна, але, у адрозненне ад Італіі, тут ёсць прырода! А ў нас гэта немагчыма, бо ў нас на раўніне разбурылі ўсё! Не растуць больш дрэвы, а растуць гандлёвыя цэнтры», – распавядае Паўлё.

Паўлё на Дзяржынскай гары

Калі Паўлё здагадваецца, што Беларусь не вельмі багатая на горы, то вырашае даследаваць хоць бы камяні. А камянёў у нас, вядома, як бульбы! Паўсюль навалена! Існуе нават адмысловы Музей валуноў, а калі казаць больш разумнаю мовай – петраграфічная калекцыя, якая налічвае аж 2135 камянёў.

Цікава, што калі глядзець на калекцыю зверху, то яна амаль дакладна паўтарае контуры Беларусі.

Сярод валуноў Паўлё знайшоў Менскае ўзвышша, самая высокая кропка якога – Лысая гара.

«Гэта другая паводле велічыні гара ў Беларусі. У даўнія часы Лысымі горамі называлі сакральныя месцы. У Купальскую ноч там збіраліся вядзьмаркі, чэрці, якія там танчылі ды весяліліся», – распавядае легенду гісторык Зміцер Скварчэўскі.

Адзін з галоўных камянёў у музеі – камень-дзед. Ён калісьці стаяў на Менскім капішчы, дзе паганцы пакланяліся сваім багам. Менскае капішча называлася Малельня каля каменя і існавала яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У свой час камень-дзед перавезлі ў Музей валуноў.

«Дасюль да яго прыходзяць памаліцца, даць невялікую ахвяру», – адзначае Зміцер.

Сапраўды, пакуль Зміцер распавядаў Паўлё пра камяні, некаторыя людзі падыходзілі да каменя, дакраналіся да яго, штосьці яму казалі, хадзілі вакол яго.

«Гэта ўсё сляды таго, што дасюль традыцыя шанавання каменя жыве. Камень у нас – гэта не проста камень, гэта не проста прыродны аб’ект. Гэта яшчэ аб’ект, які звязаны з духоўнаю культурай нашага народу», – тлумачыць Зміцер Скварчэўскі.

Пасля гэтых расповедаў Паўлё быў троху здзіўлены і адзначыў, што ў Італіі камень – гэта проста камень.

Апроч захаплення гарамі ды камянямі, Паўлё мае яшчэ адное хобі – разам з жонкаю яны вывучаюць замежныя мовы. Агулам Агата і Паўлё валодаюць 9 мовамі, нават сустрэліся яны ўпершыню на курсах польскай мовы. Сваю сям’ю наважэнцы называюць «лінгвістычнай» і стварылі адмысловы відэаканал у інтэрнэце, дзе ў жартаўлівых сцэнках дапамагаюць цікаўным авалодаць расейскаю мовай.

Што яшчэ здзівіла італьянца ў Беларусі? Чаго няма ў Італіі, але ёсць у Барысаве? Адказы на гэтыя пытанні вы пабачыце ў прэм’ерным выданні «Welcome ў Беларусь».

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.