Імунітэт пасля каронавіруса не застаецца назаўсёды. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Больш пра тэмы праграмы:

Лукашэнка затрымаў каронавірус, ён агучвае статыстыку, а міністэрства паўтарае

Лукашэнка збірае сяброў, а сябры не едуць. Кіраўнік Беларусі заклікаў лідараў іншых дзяржаваў прыехаць у Менск на парад 9 траўня, аднак ніхто не адгукаецца. Сталіца Беларусі тым часам рыхтуецца да масавага святкавання сямідзесяціпяцігоддзя перамогі ў Другой сусветнай вайне, на якое аўдыторыю збіраюць пад прымусам. Нашто гэты фарс уладам Беларусі і чым ён можа скончыцца? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Ці можна заразіцца каронавірусам яшчэ раз?

Як «COVID -19» уплывае на дзяцей, чаму прыйдзе наступная хваля пандэміі? Інтэрв’ю з прафесарам Эрнэстам Кухарам, кіраўніком Клінікі педыятрыі Варшаўскага медычнага ўніверсітэту. Суразмоўца Сяргея Пелясы даследуе інфекцыйныя хваробы. Ён таксама прэзідэнт польскага таварыства вакцынолагаў і эксперт медычнай клінікі «Люкс Мэд» (LUX MED).

У «Прасвеце» мы паказалі кароткую версію інтэрв’ю з прафесарам Эрнэстам Кухарам. Поўную версію шукайце ў панядзелак на YouTube канале «Белсат News» і на сайце.

Вайна міфаў. Ці Гітлер апярэдзіў Сталіна, напаўшы на Савецкі Саюз?

Гэта была вайна, «дзе ўсе змагаліся супраць усіх». Так Другую сусветную на тэрыторыі Беларусі называе беларускі гісторык, прафесар Яўген Мірановіч. Змагаўся і аўтар кнігі «Мы той час не абіралі», афіцэр танкавага батальёна Вэрмахту Гайнц-Ота Фаўстэн, які ступіў на беларускую зямлю раніцай 22-га чэрвеня 1941 года, атрымаўшы ад свайго кіраўніцтва загад «абараняць Айчыну». Мы запісалі сенсацыйныя ўспаміны нямецкага ветэрана ў 2011 г. Цяпер знайшлі ў архіве і папрасілі гісторыкаў пракаментаваць іх. Ці Гітлер апярэдзіў Сталіна і нанёс прэвентыўны ўдар па Савецкім Саюзе? Разбіраліся Алесь Сіліч і Наста Ільіна.

Адзначаем юбілей. Дзе апынулася Беларусь пасля 20 гадоў спрэчак Пуціна і Лукашэнкі?

20 гадоў кіравання Расеяй: узлёты – падзенні; моманты славы і гонару – хвіліны сораму і адчаю, і войны: Чачэнія, Грузія, Украіна, Сірыя. Але ні з кім за ўвесь час кіравання Уладзіміра Пуціна Расея не спрачалася так часта, як… з саюзнаю Беларуссю. Вынікі двух дзясяткаў гадоў суседства з пуцінскай Расеяй – у сюжэце Ігара Кулея.

Дарыга Назарбаева: першая ці другая ў Казахстане?

У Казахстане абмяркоўваюць нечаканую адстаўку старэйшай дачкі Назарбаева, Дарыгі, з пасады старшыні Сенату. Ейны бацька, амаль васьмідзесяцігадовы лідар нацыі ўжо амаль два месяцы застаецца ў самаізаляцыі з-за каронавіруса. Адстаўку Дарыгі Назарбаевай шмат хто ўспрыняў як узмацненне другога прэзідэнта Казахстану – Касым-Жамарта Такаева. Але ёсць і тыя, хто з такой інтэрпрэтацыяй рашэння не згодны. Чаму? Высвятляў Аркадзь Несцярэнка.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Калаж з фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum