Хворым на COVID-19 дазволілі хадзіць у краму


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Каронавірус у Беларусі: памерлі ўжо 16 чалавек

У Беларусі налічваюць ужо амаль паўтары тысячы хворых на каронавірусную інфекцыю. За апошнія содні прырост склаў 420 асобаў, агулам жа ад наступстваў «COVID-19» памерлі, паводле Міністэрства аховы здароўя, 16 чалавек. Сярод тых, хто на стацыянарным лекаванні, больш за пяцьдзясят асобаў патрабуюць штучнай вентыляцыі лёгкіх.

У Беларусі ўводзяць самаізаляцыю

Урад Беларусі не абвяшчае каранціну, аднак уводзіць самаізаляцыю. Парушальнікам рэжыму пагражае штраф і нават крымінальная адказнасць. На самаізаляцыю мусяць перайсці асобы, у якіх выявілі каронавірус, калі яны ёсць кантактамі першага ўзроўню ці калі прыехалі з краінаў, у якіх зарэгістраваны выбух «COVID-19». Рэжым гэткай ізаляцыі будзе дзеяць два тыдні альбо ўвесь час, калі ў чалавека назіраецца адзін з сімптомаў хваробы. Асобам у самаізаляцыі нельга пакідаць жытла: дазволена толькі выносіць смецце, а таксама хадзіць у аптэку і найбліжэйшую харчовую краму.

Міністр аховы здароўя: пік эпідэміі прыпадзе на травень

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік спадзяецца, што пік каронавіруснай эпідэміі прыпадзе на канец красавіка – пачатак траўня. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Таксама, паводле міністра, існуюць два варыянты спынення эпідэміі: страта «COVID-19» вірулентнасці і выпрацоўванне калектыўнага імунітэту. Адметна, што яшчэ 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заяўляў, нібы ў Беларусі ўжо мінуў пік эпідэміі: на той момант у краіне налічваліся 152 выпадкі захворвання на каронавірус.

Каронавірус у свеце: 1,5 мільёнаў захварэлых

Паўтара мільёна захварэлых па ўсім свеце, амаль 90 тысячаў памерлых: такія звесткі адносна эпідэміі каронавіруса апоўдні 9-га красавіка прыводзіць Універсітэт Джонза Гопкінза. Найбольшую колькасць захварэлых назіраюць у ЗША: за содні тут памерлі амаль дзве тысячы асобаў. Цяпер краіна займае другое месца ў свеце паводле ліку ахвяраў каронавіруса пасля Італіі.

belsat.eu

Калаж з фота: Васіль Малчанаў