Хто і як мае шанец зарабіць добрыя грошы ў Беларусі?


Як не прафукаць чарговы год і ўзбіцца на файны заробак, не ахвяруючы душою, свабодаю і здароўем? Разважае эксперт праграмы «Асабісты капітал» Міхал Залескі.

Скончыліся святы, і наш магутны народ гатовы за пазасталыя 240 працоўных дзён выканаць і перавыканаць загады свайго правадыра. Галоўнае пры гэтым – наследаваць галоўнай ідэі правадыра: не забывацца пра сябе і сваіх дзетак і дзеля таго павялічваць дабрабыт. Шляхоў да тога і пашукаем.

Народная мудрасць вучыць, што, шукаючы шляхоў да ўзорнага прэзідэнцкага дабрабыту, нельга збівацца з тропу, блытаць рамсы і губляць берагі. Што маецца на ўвазе?

Заняткі з самымі высокімі і нізкімі заробкамі за дзень

Напрыклад, добры наркадылер зарабляе 200–300 рублёў за дзень. Але ж ён слуга д’ябла, вораг роду чалавечага і сядзець, калі зловяць, можа досыць доўга.

У дваццаць разоў меней за яго зарабляе за дзень сярэдні работнік сферы культуры. Культуры ўжо амаль няма, скора і работнікаў не стане. Гэта другі бераг – чысты, але ж надта бедны.

Мяркуючы па аб’ёмах валюты, каторую выграбаюць з хованак начальнікаў, калі іх нутраныя разборкі робяцца бачнымі, яны жывуць някепска, але няпэўна.

Самыя вялікія хабары

Хабары адказным чыноўнікам вагаюцца вакол 200 000 долараў, драбнейшым – вакол 30 000, а дробным – ад 3000 і ніжэй.

Але дастаткова прагавітых людзей з чыгунным азадкам, сталёвымі локцямі і гнуткаю спінаю адначасова – у прыродзе нямнога. Таму канкурэнцыя на рынку хабарнікаў невялікая.

Можна далучыцца да тых, хто ловіць хабарнікаў, малоціць дубінамі апазіцыянераў і рознымі спосабамі наводзіць жах на ворагаў правадыра.

Забеспячэнне сілавікоў

Але яны, па сутнасці, не заработнаю плату маюць, бо не ствараюць нічога, а толькі забяспечваюць. І мы ім за тое даем, праз пасярэдніцтва нашай дзяржавы, грашовае, рэчавае ды іншае забеспячэнне.

Жыццё тога, каторага пасылаюць рабіць, што яму не падабаецца, уся гэтая выслуга год – выядае душу. Таму нездарма служылым рана даюць пенсію.

І конкурс сярод ахвотнікаў служыць правадыру ўсё меней.

Застаецца пара-тройка варыянтаў не прафукаць чарговы год і ўзбіцца на файны заробак, не ахвяруючы душою, свабодаю і здароўем.

Чвэрць працаздольных беларусаў робіць не па спецыяльнасці, трэцяя частка – працуе на дзвюх работах, кожны дзясяты – зарабляе за мяжою. Адначасова з крахам сярэдняй і вышэйшай адукацыі дэвальвуецца і вартасць дыпломаў, а бюракратычныя патрабаванні тармозяць і заблытваюць найм, выезд у іншыя краіны, сумяшчальніцтва.

Палітыкі няма, ад прафсаюзаў засталася адна назва, літара падмяняе сутнасць, а жыць трэба. І расце дзеля таго тутэйшае жыццё, крывое, як грыб пад карчом. Вучыцеся ў тога грыба, умацоўвайце гарызантальныя сувязі.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu