Хакеісты «Дынама» саступілі шосты раз запар


Менскае «Дынама» зазнала чарговую паразу ў КХЛ. Але гэтым разам зарабіла адзін пункт, бо лёс матчу з «Барысам» вырашыўся толькі ў серыі булітаў.

Галоўны трэнер «Барыса» – беларус Андрэй Скабелка. Ён працуе з камандай з лета мінулага года. У папярэднім сезоне Скабелка вывеў казахстанскі клуб у чвэрцьфінал Кубка Гагарына. Менскае «Дынама» тады магло пра такое толькі марыць.

Праўда, нягледзячы на поспехі нашага суайчынніка ў Казахстане, тамтэйшыя заўзятары на трыбунах «Менск-Арэны» ведалі пра яго мала. Але ахвотна распавялі нам пра асаблівасці хакейнай культуры на сваёй радзіме.

«Людзі ходзяць, часта сем’ямі. У мяне дзядзька набывае абанемент і ходзіць цэлы год на ўсе матчы, не прапускае нічога. Я сёння першы раз трапіла на «Менск-Арэну», паглядзела на вашых фанатаў. І гэта вельмі крута. У нас аналагічна. Людзі сем’ямі ходзяць, з малымі дзецьмі, і прышчапляюць гэтую традыцыю – хадзіць на хакей».

«Я тут не першы раз. Заўсёды напаўняльнасць арэны высокая. У нас на «Барыс-Арэне» не менш людзей. Нават трохі больш месцаў. Тут нават галоўнае – не напаўняльнасць, а тое, што людзі цягнуцца да спорту і што ён цікавы».

«Я жыву ў горадзе Актаў. У нас там няма хакейнай арэны. Ёсць у Астане і ў Алматы, але там я не быў. Ёсць такі гулец – Рыспаеў. Вось яго чакаем», – дзеляцца заўзятары ХК «Барыс».

Цяпер «Барыс» займае трэцяе месца ва Усходняй канферэнцыі, у той час як «Дынама» апускаецца ўсё ніжэй у Заходняй. Тым не менш, гульня атрымалася роўная. У другім перыядзе адзначыўся Франсіс Парэ, нарэшце перарваўшы галявую засуху «зуброў», якая расцягнулася больш як на два матчы.

Крэйг Ўудкрафт, галоўны трэнер ХК «Дынама» (Менск):

«Калі мы забілі, для хлопцаў гэта было вялікай палёгкай. Можа нават занадта вялікай, бо шайба нас разняволіла, і ў наступных зменах «Барыс» выглядаў лепш».

…І здолеў адказаць сваім трапным стрэлам. Крэйг Ўудкрафт не паверыў у легітымнасць шайбы і двойчы звяртаўся да рэферы з просьбаю паглядзець відэапаўтор. Спачатку было падазрэнне стасоўна афсайду, а потым – адносна нападу на брамніка. Аднак суддзі ніякага «крыміналу» не пабачылі і казахскі гол залічылі.

Кропкі над «і» у гэтай гульні расставілі толькі буліты. Брамніка «Дынама» Юнаса Энрата не назавеш спецыялістам – няўдача з «Барысам» стала для яго пятай запар у падобных серыях. Тым не менш, пасля матчу швед не выглядаў засмучаным.

Юнас Энрат, брамнік ХК «Дынама» (Менск):

«Думаю, мы згулялі добра і выглядалі лепш, чым «Барыс». Праблема толькі ў тым, што мы мала закінулі. А вось яны, на жаль, закінулі шмат у серыі булітаў».

Паводле ўжо згаданага Андрэя Скабелкі, перамогі гэтым вечарам не заслужыла ніводная з камандаў. Былы гулец зборнай Беларусі адзначыў, што яму было прыемна вярнуцца ў родны горад, але быў не задаволены якасцю лёду на «Менск-Арэне».

Андрэй Скабелка, галоўны трэнер ХК «Барыс»:

«Якасць лёду – вельмі дрэнная. Хаця падчас раскатвання супрацоўнікі арэны абяцалі, што ўвечары будзе лепш. Але лепш не было».

«Барыс» свой наступны матч правядзе ў Яраслаўлі з «Лакаматывам». Будзем спадзявацца, ужо на добрым лёдзе. А «зубры» застануцца на «Менск-Арэне» – наперадзе яшчэ дзве гульні хатняй серыі. Найбліжэйшая – у пятніцу супраць рыжскага «Дынама».

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu