Грошы на чужой бядзе. Хто нажываецца на эпідэміі?


Лукашэнка загадаў забяспечыць краіну маскамі. І тыя сапраўды з’явіліся. Цяпер іх можна купіць нават у кветкавай краме. Праўда, замест медычных масак рынак запоўнілі марлевымі ды шматразовымі з тканіны. Антысептыкаў таксама хапае. Але ці трэба набываць іх у спадзеве абараніцца ад каронавіруса?

Мы выправіліся ў аптэку. За шматразовую павязку з тканіны і марлевую маску папрасілі 3 рублі 69 капеек. У канцы студзеня за гэтыя грошы можна было купіць 15 медычных масак: 24 капейкі за штуку. Попыт справакаваў не толькі рост коштаў як на матэрыялы, гэтак і на канчатковы прадукт, але і жаданне зарабіць. Актываваліся перакупнікі. У інтэрнэце медычныя маскі, падобныя да тых, што каштавалі 24 капейкі і якія цяпер у дэфіцыце нават для дактароў, прапаноўваюць утрая даражэй: 70 капеек за штуку.

«6 красавіка 2020 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вынесла пастанову, якой зрабіла больш жорсткім прымяненне надбавак на маскі і сродкі дэзынфекцыі. На сённяшні дзень надбаўка вытворцы не можа перавышаць 15 %», – каментуе Дарына Гулюта, намесніца старшыні Гарадскога таварыства правоў спажыўцоў.

Фота
Міліцыя канфіскавала ў менскага спекулянта 12 800 медычных масак
2020.03.04 15:46

Спажывец, які заўважыў, што прадавец завышае кошт масак, можа звярнуцца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Для прагнага прадаўца першы раз, хутчэй за ўсё, справа абыдзецца папярэджваннем, а ў другі – яе могуць накіраваць у суд і спагнаць штраф. Фізічных асобаў, якія займаюцца перапродажам масак у інтэрнэце, прыцягнуць да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Тут штраф можа дасягнуць 2700 рублёў. А вось на «Куфры» кошты на тавар прадаўцы могуць паставіць якія заўгодна.

«На гэтыя праваадносіны пастанова не распаўсюджвае свайго дзеяння. Акрамя таго, не распаўсюджвае свайго дзеяння і Закон аб абароне правоў спажыўцоў, так як пагадненне выконваецца паміж дзвюма фізічнымі асобамі. Адпаведна, прадавец усталёўвае сваю цану, а пакупнік ужо вырашае, купляць за такую цану тавар або не», – кажа Дарына Гулюта.

Маскі шкодзяць ці дапамагаюць?

Маскі мы носім для таго, каб зберагчы навакольных: бо тэарэтычна носьбітам віруса можа быць кожны з нас. САЗ не рэкамендуе насіць марлевых і баваўняных масак.

«Людзі думаюць, што калі яна шматразовая, значыць, яе можна насіць і дзень, а то і тыдзень, і часам забываюць прадэзынфікаваць», – кажа доктарка Ірына Уэльская.

Маску можна насіць каля дзвюх гадзінаў. Здымаць за гумкі, не дакранаючыся да твару. Калі вы носьбіт каронавіруса і няправільна карыстаецеся вашай маскай: напрыклад, шмат разоў дакраняцеся да яе, каб паправіць, а потым адчыніце неапрацаванымі рукамі дзверы крамы – то людзі, якія дакрануцца да клямкі пасля вас ды пачэшуць нос або вочы, рызыкуюць заразіцца. Да таго ж шматгадзіннае нашэнне масак можа нашкодзіць і вашаму здароўю.

«У любога чалавека ў насаглотцы – вялікая колькасць інфекцыяў: бактэрыяльных, вірусных. Трэба дыхаць свежым паветрам, у паветры не будзе столькі бактэрый і вірусаў, як у той масцы мокрай, якую вы носіце гадзінамі. Стаўленне да шматразовай масцы павінна быць такім, як да аднаразовай. Праз дзве гадзіны знялі, няма магчымасці прадэзынфікаваць – значыць, выкінулі яе», – распавядае доктарка Ірына Уэльская.

Hавiны
У некаторых шпіталях з’явіліся тэсты на наяўнасць антыцелаў да COVID-19
2020.05.10 15:46

Рукі апрацоўваем антысептыкам. Але ў час пандэміі нават у аптэках магчыма сустрэць нібыта ахоўныя сродкі для рук, якія на самай справе ў барацьбе з каронавірусам – неэфектыўныя.

«Вось гэтыя антыбактэрыцыйныя ласьёны для апрацоўвання рук – усяго толькі лёгкая дэзынфекцыя. Вірус як быў, так і застаецца пасля іх на паверхні рук. Звяртаем на гэта ўвагу. Менавіта віруліцыдны рэжым павінен быць захаваны», – кажа Ірына Уэльская.

Утрыманне спірту ў антысептыку павінна быць каля 70 %. Ласьёны і нібыта сродкі дэзынфекцыі, у складзе якіх замест спірту – вада, для вытворцаў спосаб не абараніць вас, а нажыцца самім ва ўмовах пандэміі.

«У выпадку, калі спажывец заразіцца хваробай, і будзе ўсталяваны факт, што гэта адбылося з віны вытворцы сродкаў дэзынфекцыі, у якім была ўказаная недакладная інфармацыя, або маскі, якая не засцерагла спажыўца ад заражэння, спажывец зможа выставіць патрабаванні вытворцу», – каментуе Дарына Гулюта, намесніца старшыні Гарадскога таварыства правоў спажыўцоў.

Асабісты капітал
Медыцына не для ўсіх. Дзе і хто лечыць чыноўнікаў?
2020.04.27 20:05

Праўда, даказаць віну практычна немагчыма. Дарэчы, маскі ды антысептыкі – не адзіны спосаб пажывіцца падчас пандэміі. Медыі ўжо паведамлялі пра выпадкі, калі пенсіянерам за 250 рублёў ашуканцы прапаноўвалі зрабіць вакцыну супраць «COVID-19». САЗ папярэджвае: у найбліжэйшы час вакцыны не будзе.

«Гэта можа заняць і год, і больш. Можа, пры такіх надзвычайных сітуацыях трошачкі хутчэй, але не ў такім паскораным парадку», – мяркуе Батыр Бердыклычаў, прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі.

Прычым спатрэбіцца час, каб распаўсюдзіць вакцыну па ўсім свеце. Дарэчы, спецыфічных сродкаў для лячэння каронавіруснай інфекцыі пакуль таксама няма. Таму асцерагайцеся ашуканцаў. Трымайце дыстанцыю, правільна карыстайцеся маскамі, купляйце антысептыкі з высокім утрыманнем спірту. Бо ў небяспецы не толькі вашае здароўе, але і ваш гаманец.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Хто першы ачуняе ад крызісу?
  • Што будзе з беларускім рублём?
  • Як бізнес дапамагае медыкам?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».