Гісторык: Да труны Гасподняй вялікая чарга. Абыйдуцца і без вернікаў маскоўскай царквы


Праваслаўны свет ліхаманіць. Пасля заявы аб тым, што Расейская праваслаўная царква разрывае епархіяльныя адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам, сітуацыя робіцца ўсё больш напружанай. Аб тым, што прынясе раскол звычайным вернікам і як ён адаб’ецца на жыцці Беларускай праваслаўнай царквы, у праграме «Размова дня» гутарылі Святлана Калінкіна і гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Падзеі, якія сёння з’яўляюцца галоўнымі ў хрысціянскім рэлігійным свеце, паўтараюць сцэнары мінулых царкоўных расколаў, зазначае гісторык Анатоль Сідарэвіч. Перш за ўсё – гэта палітычнае рашэнне.

«Ідзе ж барацьба не за правільную веру, а за ўладу над душамі. А дакладней кажучы, ідзе барацьба за грошы, за парафіі, за будынкі, за царкоўныя касы. Канешне, і за духоўную ўладу», – выказаўся эксперт.

Пры гэтым, гісторык заўважыў, што пасля прызнання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, аўтакефалія Беларускай – пытанне часу і жадання.

«Царкоўна-прававая база пад незалежнасць Беларускай царквы ўжо падрыхтаваная Канстанцінопалем. Мы зараз жывем на кананічнай тэрыторыі Канстанцінопальскага патрыярхату, Кіеўскай метраполіі. Для Канстанцінопаля ўсё, тут Маскоўская царква не існуе», – заявіў гісторык.

Пра пагрозы Рускай праваслаўнай царквы перапыніць служэнне ў Храме труны Гасподняй Сідарэвіч выказаўся лаканічна: «Да труны Гасподняй вялікая чарга. Абыйдуцца і без вернікаў маскоўскай царквы»

Больш падрабязнасцяў аб тым, як адаб’ецца царкоўны раскол на жыцці беларусаў, глядзіце ў праграме «Размова дня» са Святланай Калінкінай і гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.

belsat.eu