Загадчыца аддзялення апартуністычных інфекцыяў Менскай гарадской інфекцыйнай лякарні Людміла Дымель акцэнтуе ўвагу гледачоў на разумных паводзінах звычайнага чалавека, бо гэта можа паўплываць на тое, што нас чакае ў будучыні.
«Вядома, можа быць сітуацыя, калі смяротнасць будзе высокая. Мяркуючы з таго, які вірус кантагіёзны, можна казаць, што большасць з нас можа захварэць на каронавірусную інфекцыю. Але, нават калі мы перахварэем, цячэнне захворвання залежыць ад таго, якая доза віруса паступіла, цягам якога часу і якім чынам адбываецца фармаванне імунітэту», – тлумачыць Людміла Дымель.
Калі гаворка заходзіць пра смерці ад пнеўманіі, доктарка тлумачыць, што далёка не кожны такі выпадак варта звязваць з каронавірусам. Што да невысокіх лічбаў смяротнасці (у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі) спецыялістка кажа, што вірус новы, і статыстыка яшчэ будзе пераглядацца. Спадарыня Людміла адзначае, што выявіць канкрэтную прычыну смерці ў шэрагу момантаў складана, але калі чалавек памёр ад пнеўманіі і ў яго быў пацверджаны каронавірус, то можна казаць, што ён памёр ад COVID-19.
У праграме ўзялі ўдзел каардынатары ініцыятывы #BYCOVID19, якія набываюць сродкі абароны і нават медтэхніку для соцень беларускіх шпіталяў.
Андрэй Ткачоў (у звычайным жыцці вядомы фітнэс-трэнер) распавядае, як ініцыятыва #BYCOVID19 узнікла і за лічаныя тыдні набрала абароты. Каардынатар паказвае дзясяткі скрыншотаў з просьбамі прывезці сродкі абароны. У ініцыятыву паступаюць сігналы і аб смерці медыкаў у бальніцах.
Калі гаворка заходзіць пра супрацьэпідэміялагічныя захады, яшчэ адзін каардынатар #BYCOVID19 Зміцер Каспяровіч (у звычайным жыцці прадпрымальнік) кажа:
«Дзяржава абвяшчае 25 красавіка рэспубліканскі суботнік. 9 траўня збіраюцца ладзіць парад, ідуць рэпетыцыі, хоць ёсць хворыя сярод вайскоўцаў. Я не разумею, якім чынам гэтыя мерапрыемствы спрыяюць зніжэнню маштабаў эпідэміі»
Ужо вядома пра сотні заражэнняў COVID-19 сярод медработнікаў. На жаль, ёсць выпадкі смерцяў.
Фельчарка з хуткай Настасся Калашнікава кожнае дзяжурства сутыкаецца з каронавірусам. Яна папярэджвае, што не варта без дай прычыны выклікаць медыкаў дадому:
«Гэта дастаткова вялікая рызыка. На гэты момант выклік хуткай – гэта тое самае, што ў вас не было каронавіруса, але вам яго прывязуць. Не зразумела, ці хворая брыгада, адкуль яны прыехалі. З улікам таго, што нас рэдка тэстуюць».
Пры гэтым Настасся Калашнікава падкрэслівае, што прыспеў час самім пра сябе клапаціцца і максімальна сур’ёзна паставіцца да сітуацыі.
«Час забыцца, што хтосьці за нас нешта вырашыць і будзе нас ратаваць. Гэтая інфантыльнасць людзей, і не толькі беларусаў, моцна раздражняе. Ні дзяржава, ні прэзідэнт, ні Мінздароўя – ніхто не вырашыць за вас, што рабіць. Можна ўвесці татальны каранцін, і будуць людзі, якія будуць яго парушаць і разносіць заразу, – кажа Настасся. – А можна без загаду вырашыць для сябе, што па кропельцы мы можам нешта зрабіць: сесці дома, сысці на дыстанцыйку, калі ёсць магчымасць. Не пускаць падлетка піць піва пад пад’ездам. Гэта рашэнне кожнага з нас: хочам мы, каб гэта хутчэй скончылася, ці мы хочам яшчэ год разграбаць тое, што нарабілі».
У праграме бяруць удзел сваякі памерлых беларусаў, сваякі захварэлых, што змагаюцца за жыццё ў атмасферы паслабленага кантролю сістэмы Міністэрства аховы здароўя.
Публічныя людзі папярэджваюць пра найгоршыя сцэнары развіцця падзеяў і заклікаюць беларусаў да адказнасці.
Апроч названых гасцей і экспертаў дзякуем за ўдзел у гэтым выданні драматургу і сцэнарысту кіно Андрэю Курэйчыку, псіхолагу Таццяне Маладзьянавай, Юліі Сівец (Гомель), Наталлі Ярмалінскай (Менск), Але Дзенісенцы (Горадня), Вікторыі Дашкевіч (Віцебск).
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.
Калаж з фота: DIEGO VARA / Reuters / FORUM і Dan Herrick / Zuma Press / FORUM