Гаспадарка «Зарэчча». З голаду гінуць тысячы свіней. УВАГА! Жорсткія кадры


Галадамор у гаспадарцы «Зарэчча» Рагачоўскага раёну. У пакутах гінуць сотні парасятаў, а працаўнікі больш не могуць на гэта глядзець. Год таму нашая здымачная група прывезла з прадпрыемства страшныя кадры і была перакананая з дапамогаю медыяў сітуацыя зменіцца. Але не сталася. Увага, кадры цяжкія для псіхікі. Юлія Цяльпук распавядае.

Калі ўваходзіць чалавек, згаладнелыя парсючкі віскочуць у разы гучней, патрабуючы ежы. Але іх не кормяць і па 4 дні, наведваючыся адно па жывёлу, якая ўжо памерла.

– Хлопцы вы на комплексе працуеце?

– Так-так-так! Дык давайце паразмаўляем з вамі!

– Не-не-не…

– Дзяўчыны – вы на комплексе працуеце?

Працаўнікі Селекцыйна-гібрыднага цэнтру «Зарэчча» Гомельскай вобласці ад пытанняў бягуць. Некаторыя жыхары мясцовасці ўсё ж выказваюцца:

«Свінні галодныя па некалькі дзён стаяць, бо няма корму».

«Мая справа – прыйшоў, на кнопку націснуў, «адкатаў» і пайшоў. Менш ведаеш – лепш спіш.

– А чаго вы кажаце што кайданкі надзенуць?

– Ну вось сёння прыехалі і ходзяць па комплексе з КДБ ці Следчага камітэту».

Дзве тысячы свінняў упалі толькі ў траўні, падлічылі працаўнікі комплексу. Пасля перадачы медыям фота і відэа з «галадаморам» свінняў, затрымалі кіраўніка комплексу, цвердзяць мясцовыя. Але вінаватым не лічаць, бо той працуе толькі апошнія 5 месяцаў. Мікалай Рабцаў, жыхар Зарэчча:

«Даўгі вялікія. Электраэнергія не плачаная, цяпер уборка пройдзе і не вядома яшчэ, як будзе з газам. Электрычнасць і газ трэба набываць, сушыць зерне няма чым».

Даўней тут разводзілі высакакласны племянны маладняк і выводзілі новыя пароды для калгасаў усёй вобласці. Былая працаўніца гаспадаркі «Зарэчча»:

«Былі ўсялякія дадаткі, і камбікармоў хапала ўсялякіх, і дзіцячых, і для гадавання і адкорму – усё было ў дастатку».

Дэфіцыт сродкаў летась абцяжарыла засуха і неўраджай, але запасціся кармамі – магчымасць была – кажа ананімная крыніца з комплексу:

«Вінаватыя самі, што своечасова не запасліся кармамі, пакуль былі сродкі. У іншых гаспадарках можна было ўсё набыць. А цяпер утры дорага і калі ў гаспадаркі няма сродкаў і ўжо няма чаго здаць на мясакамбінат…»

На мяса прымаюць жывёлу, якая важыць прынамсі 105 кілаграмаў. Зарэчаўскія парсюкі не дацягваюць і да 60-ці. Гэтак было і перад леташнім неўраджаем. Мінулай вясною жывёла гніла ў смеццевай яміне ля гаспадаркі, што кіраўнікі тлумачылі «Белсату» цяжкім эканамічным становішчам.

Гаспадарка збяднела цягам 5 гадоў, пасля прымусовага далучэння да яе стратных прадпрыемстваў рэгіёну. Чаму ж не зменшылі пагалоўя? Аляксандр Ярашук, Беларукі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Пад пагрозаю крымінальнага пераследу нельга змяншаць пагалоўе свінняў, кароваў і іншае жывёлы. Такое дзікунства: хай лепш дохнуць з голаду, але затое не панясу адказнасці».

Журы ў спаборніцтве за паказнікамі ачольвае кіраўнік краіны. Галовы ляцяць чалавечыя. Пасля сакавіцкага «прачэсвання» на кароўніках, камітэт дзяржкантролю ператрос бальшыню гаспадарак краіны, следчыя ізалятары папоўніліся «неадпаведнымі» кіраўнікамі і карупцыянерамі.

«Будзь гаспадаром у «Зарэччы» прыватнік – ён безумоўна б змяншаў пагалоўе. Безумоўна! Няма гаспадара – няма аніякага ладу», – кажа Аляксандр Ярашук.

У выніку цярпяць простыя людзі, для якіх комплекс – адзінае месца для працаўладкавання:

«Заробкаў не плоцяць, свінні дохнуць. Ох, абстаноўка агулам цяжкая».

«З двума дзецьмі за 330 рублёў пражыць? Гэта бруднымі… а чыстымі – 200-250 рублёў».

Аднак і малыя заробкі – лепшыя за беспрацоўе. Праблемы комплексу доўга хаваліся ўнутры, а звонку – усё стэрыльна.

Сітуацыю каментуе эксперт у сельскай гаспадарцы Аляксандр Ярашук.

belsat.eu