Галоўная рэдактарка «Хартыі-97»: Мэта беларускіх уладаў – знішчыць незалежнае слова ў Беларусі


Сёння Рада БНР узнагародзіла медалём галоўную рэдактарку «Хартыі’97» Наталлю Радзіну. Цырымонія адбылася ў Варшаве, дзе «Хартыя» працуе ў выгнанні. Сёлета такія медалі атрымаюць 130 асобаў. Хто гэтыя людзі і за якія заслугі іх узнагародзяць? Тлумачыць сябра Рады БНР, намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі:

«На нашую думку Рада БНР застаецца ўжо 91-ы год адзіным легітымным прадстаўніком беларускіх уладаў. Таму што пасля таго часу сапраўды дэмакратычных выбараў у Беларусі не было. Таму гэта трэба ўспрымаць, мне падаецца, як дзяржаўную ўзнагароду. Калі паглядзець нават на спіс людзей, якія атрымаюць гэтыя ўзнагароды, гэта найвыбітнейшыя з найвыбітнейшых, тыя людзі, каторых сучасная ўлада вельмі часта абыходзіць на жаль, робіць з іх маргіналаў. І такім чынам, мы хочам паказаць, што калі дзяржаўныя сучасныя медалі атрымліваюць людзі, каторыя часта на гэта не заслугоўваюць, то ўсё-такі ёсць орган, ёсць Рада БНР, каторая памятае пра сапраўдных патрыётаў і пра тых небеларусаў, якія любяць Беларусь».

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка «Хартыіʼ97»:

«Гэта вялікі гонар, таму што Беларуская Народная Рэспубліка – гэта сімвал свабоды, сімвал незалежнасці. І на самой справе гэта дзяржаўная ўзнагарода, таму што беларускі рэжым сёння ў Беларусі нелегітымны. Рада БНР не перадала паўнамоцтвы рэжыму Лукашэнкі, як гэта было зроблена ва Украіне, і сёння гэта сапраўды дзяржаўная ўзнагарода. Вялікі дзякуй Радзе БНР за гэта.

Гэта было нечакана, але ў вельмі патрэбны момант. Таму што сёння, калі «Хартыі» і ўвогуле незалежнай журналістыцы ў Беларусі вельмі патрэбная салідарнасць, гэта было і для мяне, і для каманды «Хартыі» вельмі важна атрымаць такую адзнаку. […] Мэта беларускіх уладаў – знішчыць незалежнае слова ў Беларусі. А пачалі яны з нас, калі ў нас была заблакаваная «Хартыя» у мінулым годзе. А да гэтага яны знішчалі ўсіх: і тэлевізію, і радыё. Але пачалі ўзмацняць ціск на журналістыку ў мінулым годзе з «Хартыі»…»

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu