Фотаздымкі, якія адкрылі ўсяму свету прыгажосць Беларусі

Іх здымак Нясвіжскага замку трапіў на самую буйную беларускую купюру – 100 000 рублёў, а на агароджах еўрапейскіх паркаў у Парыжы, Бруселі, Берліне, Вене, Празе паспяхова экспанавалася цэлая галерэя выяваў беларускіх помнікаў культуры і архітэктуры. Усё гэта зрабілі госці гэтага выдання праграмы – аўтары мастацкага праекту «Спадчына Беларусі» Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў.

«Памятаю, як у адной кніжцы я ўбачыў вежы замку дзесьці ў лесе, – дзеліцца Алег Лукашэвіч. – Я нават не ведаў, што гэты замак знаходзіцца за 50 кіламетраў ад таго месца, дзе я жыў, у Ваўкавыску. Гэта быў Косаўскі палац».

Не дзіўна, што Беларусь была таямніцай для вялікай колькасці людзей. Аляксандр Аляксееў кажа, што ў 2001 годзе не было ніводнага прэзентацыйнага выдання, якое б рэпрэзентавала гісторыка-культурную спадчыну Беларусі. Аляксандр Аляксееў з Алегам Лукашэвічам вырашылі гэты выправіць.

Так паўстала «Спадчына Беларусі» – мастацкі праект, які прэзентуе Беларусь з дапамогаю кніг-альбомаў, дакументальных фільмаў і фотавыставаў. Іхны фотаальбом ужо вытрымаў 18 выданняў, а агульны наклад складае 46 500 асобнікаў!

Алег і Аляксандр вельмі цешацца, што іхны праект такі папулярны, выклікае такую цікаваць і ў Беларусі, і за мяжой, а галоўнае – што з кожным годам усё больш помнікаў, раней занядбаных, аднаўляецца, усё больш замежнікаў цікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі.

«Мы хацелі ў першую чаргу ў саміх беларусаў падняць самасвядомасць. Што мы не жабрацкая краіна нейкая, дзе ўсё зруйнавалі і ўсё вывезлі, а што ў нас ёсць помнікі, якія можна паглядзець, і паездзіць, – кажа Алег Лукашэвіч. – І сапраўды, калі мы рабілі гэтую кнігу, мы не думалі, што будзе такі інтарэс: што многія помнікі, якія былі ў ценю, выйдуць на першы план, што будуць зробленыя турыстычныя маршруты і «залатыя колы» па кожным рэгіёне Беларусі. І нас радуе, што канцэпцыя, якую мы зрабілі ў самым пачатку, актуальная і сёння».

Алег і Аляксандр раскажуць пра канцэпцыю свайго праекту, як яны выбіраюць помнікі і артэфакты, якая велізарная праца стаіць за прыгожымі здымкамі. І патлумачаць, чаму адных толькі здымкаў было б недастаткова, а таксама падзеляцца ўласнымі адкрыццямі, зробленымі падчас працы над паспяховым праектам.

У граматычнай частцы пагаворым пра тое, як утварыць ступені параўнання ад прыметніка «добры».

Вядоўцы праграмы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Актор пра сваё чумавое дзяцінства з калготкамі, воданапорнай вежай ды іншае

Беларускамоўны штучны інтэлект – цацка ці незаменны памагаты?

700 тыс. рэспіратараў – недастаткова. Беларусы аб’ядналіся, каб дапамагчы медыкам

Вакаліст «Старога Ольсы» зайграў «Тры чарапахі»… на гуслях!

Эколаг распавёў, дзе ў Беларусі пачынаецца Балтыка

Аўтар будаўнічага блогу паказаў свой дом з сонечнымі батарэямі

Грунвальд на лінолеуме: старая тэхніка гравюры на новым матэрыяле

Што найчасцей павялічваюць беларусы? Адказвае пластычны хірург