Эксперт: «Часцей за ўсё звальняюць жанчынаў пасля 40 гадоў»


Нават афіцыйная статыстыка сведчыць: у Беларусі звальняюць больш, чым прымаюць на працу. Паводле дадзеных Белстату, летась арганізацыі звольнілі амаль 715 з паловай тысячаў працаўнікоў, а прынялі на працу на 42 тысячы чалавек менш.

Мікалай Маслоўскі, эканаміст, блогер:

«Бульбу мяняюць на нафту, абмен не атрымоўваецца. Дзяржаўныя прадпрыемствы нічога новага не прыдумалі, адзін ПВТ выратаваць усю краіну не можа. Людзі некаторыя – з размоваў з імі – стаміліся працаваць за 200 долараў, за 400 рублёў».

Працаўнікоў звальнялі ў гэткіх галінах, як будаўніцтва, фінансы і страхаванне, у сельскай, лясной, рыбнай гаспадарках, у навуковай і тэхнічнай дзейнасці, у прамысловасці ды адукацыі. А вось інфармацыя і сувязь летась апынуліся ў плюсе – тут людзей набіралі больш, чым звальнялі. Апрача гэтага, у мінулым месяцы працадаўцы актыўна прымалі на працу спецыялістаў гуртовага і раздробнага гандлю, культуры, а таксама працаўнікоў сферы паслуг часовага пражывання і харчавання. У снежні ў эканоміцы было занята 4 мільёны 336 тысяч асобаў, год раней – амаль на 10 тысячаў болей.

Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў:

«Партрэт працаўніка, якога часцей за ўсё звальняюць. Па нашых назіраннях, гэта жанчыны пасля 40-50 гадоў. Ім нашмат цяжэй канкураваць на рынку працы, нашмат цяжэй знаходзіць працу і ўладкоўвацца. […] У нас ёсць вялікая праблема з мабільнасцю, людзі проста не гатовыя змяняць сваё працоўнае месца, з’язджаць з Беларусі. Што рабіць беларусам, каторыя страцілі працу? – Натуральна, яе трэба шукаць, глядзець абʼявы, быць канкурэнтаздольным. Натуральна, што праца заўсёды ёсць, але якая гэта праца? Наколькі яна адпавядае адукацыі, патрабаванням гэтага чалавека? Натуральна, каб не стаць дармаедам, трэба прыняць нейкія захады: ці зʼязджаць з краіны, ці працягваць змагацца за сябе?»

А што рабіць звольненым? Ці створаць улады новыя працоўныя месцы? Жыхары Менску даюць свае адказы.

belsat.eu