Эколаг: Ядравыя адкіды трэба будзе захоўваць тысячагоддзямі


На грамадскіх слуханнях Міністэрства энергетыкі высветлілася: плану, што рабіць з адпрацаваным ядравым палівам БелАЭС – няма. Можа, будзем адсылаць у Расею, а можа, пахаваем у нас. Ва Украіне, у Чарнобылі, спрабавалі зрабіць сховішча для самых небяспечных адкідаў, і з гэтага нічога не выйшла – элементы ўсё адно прасочваюцца. Распавёў пра гэта фізік, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін:

«У Чарнобылі было адное пахаванне для самых небяспечных адкідаў. Кожная порцыя адкідаў змяшчалася ў сталёвыя скрыні, залівалася бетонам. Выдавалася, што бяспека – вышэйшая за ўсе нормы. Праз нейкі час знайшлі працёкі, знайшлі ў грунтовых водах…»

На сувязі з намі эколаг, сябра рады арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій:

«З нашага пункту гледжання, гэта безадказна запускаць АЭС, калі не вырашаныя такія пытанні. Гэта небяспечна для нашай краіны і кожнай краіны ў свеце, у якой ёсць АЭС. Гэтая праблема не вырашаная ні ў адной краіне. Гэтыя адкіды трэба захоўваць не 10 ці 100 гадоў, бо некаторыя элементы застаюцца актыўнымі тысячагоддзі…»

belsat.eu