Эканаміст: Па беларускіх дзяржпрадпрыемствах званяць званы


Флагман дрэваапрацоўкі – барысаўскае прадпрыемства «Барысаўдрэў» – рыхтуецца да продажу. Як паведаміў Дзяржаўны камітэт маёмасці, цяпер ідуць пошукі прыватнага інвестара. Шматмільённая мадэрнізацыя прадпрыемства не прынесла выніку, і цяпер дзяржава спрабуе збыць стратныя актывы. Падрабязнасці ў сюжэце Галіны Абакунчык.

«Прадпрыемства «Барысаўдрэў» неўзабаве мае змяніць уласніка. Дзяржава плануе прадаць кантрольны пакет акцыяў».

«Барысаўдрэў» працуе ў штатным рэжыме, працаўнікі на заробкі і на аб’ём працы не скардзяцца. Пра магчымы продаж прадпрыемства ведаюць не ўсе, а калі ведаюць – то з інтэрнэту.

«Нават не чулі, па-мойму, нармальна ўсё. І плоцяць нармальна. Працуем мы добра, але казалі, што будуць прадаваць прадпрыемства. А праўда гэта ці не – мы не ведаем. Усё ў інтэрнэце напісана – прачытайце і даведаецеся. Але я не думаю, што яго прададуць так проста. Усё ж дзяржава гэтулькі грошай сюды ўклала, таму так проста яго не прададуць», – кажуць працаўнікі прадпрыемства.

«Барысаўдрэў» – адное з дзевяці і найбуйнейшае прадпрыемства дрэваапрацоўкі ў Беларусі. Асноўная вытворчасць – драўляныя пліты, фанера, запалкі. У 2008-2014 гадах на прадпрыемстве правялі мадэрнізацыю, якая каштавала 112 мільёнаў еўраў і скончылася правалам. Пакаралі ж за гэты правал тагачаснага дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Мальцава, які да арышту кіраваў заводам усяго паўтара года.

«У Менску 5–6 лістапада прайшла рэгіянальная канферэнцыя «Кіеў 2018». Прадстаўнікі еўрапейскіх міжнародных інстытутаў, не шкадуючы галасавых звязак і нерваў, пераконвалі нашую ўладу, што час ужо скончыць займацца мадэрнізацыяй, трэба распачынаць прыватызацыю. Але прыватызацыя для нашай улады азначае – страта кантролю над фінансамі ды працоўнымі калектывамі», – тлумачыць эканаміст Мікалай Маслоўскі.

На сёння пакет акцыяў «Барысаўдрэву» амаль на 99 % належыць дзяржаве. Адначасова запазычанасць па крэдытах тут складае дзесяць з паловаю мільёнаў рублёў. А мадэрнізацыя так і не паспрыяла прыбытковасці прадпрыемства: калі летась страты «Барысаўдрэву» склалі больш 11 мільёнаў рублёў, то за няпоўны год сёлета ўжо больш за 12.

«Продаж акцыяў ТАА «Барысаўдрэў» прыватным інвестарам – гэта першая ластаўка. Прагназую спробы збыту іншых стратных дзяржпрадпрыемстваў. Бо нашай уладзе нічога іншага больш не застаецца – краіна не можа самастойна зарабіць валюту на выплату вонкавых крэдытаў. Або ўлада будзе браць новыя крэдыты, каб выплочваць старыя, або прадаваць дзяржпрадпрыемствы», – перакананы Мікалай Маслоўскі.

Спробу прадаць стратнае прадпрыемства эканамісты таксама называюць «Пасткаю для інвестараў». Менавіта паводле падобнай схемы быў таксама прыватызаваны завод «Мотавела». Пазней прадпрыемства дзяржава нацыяналізавала, а прыватны ўладальнік, які яго набыў, цяпер адбывае тэрмін за кратамі.

На сувязі са Студыяй «Белсату» Леў Марголін, эканаміст:

«Дзяржаўная мадэрнізацыя ўжо даказала сваю неэфектыўнасць. Гэта датычыцца і дрэваапрацоўкі, і малочнай вытворчасці. Калі дзяржава бярэцца нешта мадэрнізаваць – гэта звычайна сканчаецца вялікімі стратамі. Мадэрнізаваць безумоўна трэба, але рабіць гэта павінныя ўласнікі. […] Шмат якія прадпрыемствы трэба проста закрываць. Тое, што адбываецца з «Барысаўдрэвам» пакажа, ці знойдуцца ахвотнікі купіць прадпрыемства з усімі яго пазыкамі і пастарацца нешта з яго зрабіць. Але з кожным годам гэтыя спадзевы становяцца ўсё меншымі. Я думаю, яшчэ 2-3 гады, і гэтыя прадпрыемствы наагул не будуць нікому патрэбныя. […] Звон званіць ужо па ўсіх гэтых прадпрыемствах. Трошкі раней ці трошкі пазней, калі нічога не рабіць, дзяржаўныя прадпрыемствы ціха памруць».