Міністэрства прамысловасці прадае актывы буйных беларускіх прадпрыемстваў. На рынак выставілі акцыі 19 акцыянерных таварыстваў. Сярод іх такія гіганты як вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі «Гомсельмаш», завод аўтатрактарнага абсталявання «БАТЭ», вытворцы тэхнікі «Гарызонт» і «Віцязь». Умовы продажу прадпрыемстваў збольшага падобныя – пакупнік мусіць быць «стратэгічным інвестарам», то бок быць у стане купіць вялікі пакет акцыяў і ўзяць кантроль над кампаніяй. Пра гэтыя прыватызацыйныя крокі гаворым з эканамістам, журналістам Станіславам Івашкевічам.
«Што спыняе ад прыходу заходніх інвестараў у Беларусь, гэта неабходнасць ісці на нейкія карупцыйныя здзелкі. У энергетычнай інфраструктуры Беларусі ўжо, бадай, палова арганізацыяў – прыватныя. Фармальна гэта літоўскі капітал і іншыя, прыватнікі, якія прыходзяць і за хабар атрымліваюць манапольны стан у нейкай галіне. Далей яны гэтыя карупцыйныя сувязі мусяць працягваць, штогод манеўруючы з рознымі чыноўнікамі. Яны атрымліваюць вялікія прыбыткі, прадаюць дзяржаве, то бок за нашыя з вамі грошы яны прадаюць утрая даражэй. Іх абараняюць ад усялякай канкурэнцыі, але ў той жа час яны штогод мусяць манеўраваць, рызыкаваць. Заходнія інвестары маюць этычны кодэкс, згодна з якім іх могуць пакараць дома за тое, што яны далі хабар нават недзе ў Афрыцы», – заявіў Станіслаў Івашкевіч.