Ехаў на расстрэл з грамафоннай пласцінкай


У 30–40-я гады 20-га стагоддзя, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, ва ўрочышчы Курапаты ля Менску адбываліся шматлiкiя расстрэлы цывільнага насельніцтва.

Пасля з’яўлення ў 1988 годзе артыкулу Зянона Пазняка «Курапаты – дарога смерці» былі праведзеныя першыя раскопкі і выяўленыя велізарныя пахаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. «Адразу стала ясна, што людзі, якія там ляжаць, не ведалі, куды іх вязуць. У кожнага з іх былі рэчы асабістыя, другая пара бялізны, нехта нават пласцінку грамафонную ўзяў… » – распавядае Алег Іоў, працаўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, гісторык і археолаг.

Дзе шукаць ініцыятараў і выканаўцаў курапацкіх расстрэлаў? Глядзіце ў другім матэрыяле праграмы «Рэпартэр» ад 9:15 хвіліны.

Таксама ў выданні:

Пратэст актывістаў «Маладога фронту» супраць пабудовы бізнес-цэнтру ля Курапатаў

У 1993 годзе ўрочышча Курапаты занеслі ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў лютым высветлілася, што ахоўную зону вакол месца расстрэлаў скарацілі. Пляцоўку перадалі прыватнай фірме «КІПрэканструкцыя» для пабудовы бізнес-цэнтру. Актывісты «Маладога фронту» на знак пратэсту ўсталявалі там намётавы лагер.

Польскія нацыяналісты прайшлі вуліцамі Гайнаўкі – польскага мястэчка, у якім большасць жыхароў складаюць беларусы

На польскім Падляшшы ў першыя пасляваенныя гады надалей гінулі людзі. Адныя са зброяй у руках усталёўвалі камуністычную ўладу, іншыя змагаліся з новым рэжымам. Найгорш даводзілася мірнаму беларускаму насельніцтву.

Сем’і ахвяраў не лічаць героямі змагароў польскага антыкамуністычнага падполля, якіх апошнімі гадамі пачалі называць «выклятымі жаўнерамі». Тым не менш, вуліцамі Гайнаўкі прайшоў другі Марш «выклятых жаўнераў», арганізаваны польскімі нацыяналістамі.

Ужо сама заяўка на марш выклікала шмат адмоўных эмоцыяў, асабліва таму, што арганізатары планавалі закончыць яго непадалёк ад сабору Святой Тройцы ў часе вячэрні. Пра дваццацітысячны горад на ўскраіне Белавежскай пушчы загаварыла ўся Польшча.