У Менску адкрылася выстава, якая ўпершыню ўздымае тэму нацысцкай псіхіятрыі


«Ад дэгуманізацыі да забойства: лёс псіхіятрычных хворых у Беларусі (1941–1944 гг.)» – выстава пад такою назваю, што адкрылася ў арт-галерэі «Ў», фактычна ўпершыню ўздымае тэму нацысцкай псіхіятрыі для сурʼёзнай дыскусіі.

Вартасць тэмы падкрэслівае Аляксей Братачкін, гісторык, кіраўнік праграмы публічнай гісторыі праекту «ECLAB»:

«Гэтая тэма публічна не была прэзентаваная ў Беларусі, і мы вырашылі зрабіць што-небудзь, каб тэма сапраўды атрымала шырокі рэзананс».

Феномен нацысцкай псіхіятрыі трапіў пад публічную ўвагу падчас Нюрнбэргскіх працэсаў, дзе побач з ваеннымі злачынцамі асудзілі дактароў паводле абвінавачвання ў масавых забойствах псіхічна хворых. У самой Нямеччыне падчас панавання Гітлера, паводле афіцыйных звестак, было забіта 70 тыс. хворых, або каля 90 тыс. – паводле неафіцыйных звестак. Значна горш справа выглядала на акупаваных тэрыторыях, распавядае беларускі псіхіятр Алег Айзберг:

«Тут асаблівасць была ў тым, што калі ў Нямеччыне быў адбор, то бок забівалі ўсё ж не ўсіх пацыентаў, то на акупаваных тэрыторыях забівалі ўсіх пацыентаў, якія ўтрымліваліся ў псіхіятрычных клініках, без якой-колечы селекцыі».

На выставе – гісторыя ідэяў і практыкі, ад еўгенікі да ўласна Другой сусветнай вайны. У межах праекту праходзяць лекцыі – пра еўгеніку, познесавецкі кінематограф, ваенны посттраўматычны сіндром. Бо тэма, як зазначае Аляксей Братачкін, значна шырэйшая:

«Механізмы выключэння і дыскрымінацыі, якія былі накіраваныя на знішчэнне псіхіятрычных пацыентаў, – яны могуць адбывацца ў любым грамадстве. І трэба пра гэта гаварыць, бо гэта таксама звязана з правамі чалавека».

Праект «Ад дэгуманізацыі да забойства» працягнецца ў галерэі «Ў» да 20 снежня.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

«Акіян Эльзы» у Менску прысвяціў песню Паўлу Шарамету. У Менску – раней не публікаваныя здымкі сядзібы Міцкевіча на выставе Тэафіла Барэці.

Берасцейцы святкуюць перамогу на «Bulbamovie» земляка Анатоля Тадорскага.

Андэграўндны гурт «Glofira» вяртаецца на гомельскую сцэну – у палове па-беларуску.

ВГ belsat.eu