Да прыезду Лукашэнкі мылі асфальт. NEXTA на «Белсаце»


Адміністрацыя Лукашэнкі ад імя невядомага жыхара Балбасава падзялілася з грамадскасцю нібыта аматарскімі кадрамі велапраменаду Лукашэнкі са світаю і парушэннем ПДР у пасёлку. Маўляў, без картэжу і аховы – значыць, самы народны прэзідэнт!

Што праўда, дзе той усцешаны ды ўдзячны за шчаслівае жыццё народ, гэтак і засталося загадкаю. Крыху свету на таямнічую вандроўку праліла прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант:

«Таксама кіраўнік дзяржавы зайшоў у мясцовую краму. Кефір і марозіва, набытыя тут жа, прыйшліся даспадобы!»

Што праўда, дзе той кефір, таксама засталося загадкаю. Аніводзін чалавек з так бы мовіць дэлегацыі аніякіх пакункаў пры сабе не меў. А вось марозіва Лукашэнка сапраўды мог проста хутка з’есці.

«Калі маці атрымлівала гэты мізэрны заробак, давала мне пяць рублёў за тое, што я дапамагаў даіць кароў, я прыязджаў сюды, з’ядаў 10–12 пачак марозіва, не ў квадраціку, а ў прастакутнічку такім», – казаў ён калісьці.

Дарэчы, паводле экспертаў парталу Tut.by, ровар, якім карыстаўся Лукашэнка-малодшы, можа каштаваць сем з паловаю тысяч еўраў. Кошт ровару галоўнага Лукашэнкі высветліць не ўдалося, аднак дакладна вядома, што гэта не айчынны «Аист».

Аднак асноўным сродкам транспарту Лукашэнкі ўсё ж застаецца верталёт. А таму і на наваполацкім «Нафтане», куды ён прыляцеў у пятніцу, напярэдадні рэпетавалі… прызямленне верталёту. Як распавялі ананімныя працаўнікі заводу, у гэты час кіраўніцтва ўважліва глядзела, дзе з зямлі і асфальту разлятаецца пыл. Гэтыя месцы затым старанна чысцілі – каб, чаго добрага, прэзідэнт не выпацкаўся! Фарбавалі траву, мылі асфальт ды нават… падмянялі працаўнікоў!

Тым часам прыгоды самай дарагой у свеце запальнічкі працягваюцца. Па ўсёй краіне школьнікаў зганяюць на галоўныя плошчы гарадоў імітаваць радасць з нагоды гэтак званай эстафеты агню Еўрапейскіх гульняў, якія ў народзе ўжо даўно ахрысцілі «Галоднымі».

Сустракальнікі «Полымя Міру» у Магілёве:

«Агонь запалілі ў Рыме, і мы павінныя яго захоўваць, і адчула, што я захавальніца! Божа! Гэта ўзрушальна, шалёна».

«Гэта вельмі добрыя эмоцыі, шмат чаго нагадваюць, і я вельмі рады».

Высяленне студэнтаў з інтэрнатаў, прымусовае набыванне квіткоў прадпрыемствамі, больш за 150 мільёнаў долараў вылучаных бюджэтных сродкаў ды толькі 15 адсоткаў квіткоў… набытыя замежнікамі! Чым жа не нагода ўсцешыцца?

Сагнаныя настаўнікі і школьнікі:

«Мы сваім настроем высушылі гэты дождж! Трэба далучаць і моладзь таксама. Няважна, што не зусім добраахвотна, але яны павінныя ведаць, неяк да жыцця далучацца».

«Было вельмі прыемна і радасна, што ўсе разам, значыць, за… мір, ха-ха!»

«Гэта другія алімпійскія гульні, яны пра-пр… правяліся ў Магілёве».

Між тым тое, што грошы з бюджэту ляцяць проста ў паветра, днямі асабіста маглі назіраць, а дакладней – чуць жыхары Гомля. Там мясцовыя ўлады перастараліся настолькі, што запусцілі феерверк, калі яшчэ было светла.

NEXTA, belsat.eu

Калаж з фота: Alexei Nikolsky / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum