Чыноўнікі згубілі дакументы – а вы рызыкуеце застацца без пенсіі


Калі вы часта мянялі наймальнікаў або месцы працы, калі фірма, дзе вы працуеце, змяняла назву ці гаспадара, вы рызыкуеце застацца без часткі пенсіі, бо доказы вашай працы цягам гадоў маглі згубіцца. Гэта даволі распаўсюджаны выпадак. Напрыклад, Уладзімір Ламака як чарнобылец не змог знайсці доказы, дзе і колькі адпрацаваў у Чарнобылі. А гэтыя звесткі ўплываюць на ўзрост сыходу на пенсію.

У 86-м годзе мужчына працаваў кухарам. У яго толькі нарадзілася дачка, калі ў жніўні выклікалі ў ваенкамат і адразу ж накіравалі ў зону адсялення – гатаваць для салдатаў. Уладзімір заставаўся там 115 содняў.

Ужо чатыры гады Уладзімір Ламака мае ІІІ групу інваліднасці, з цяжкасцю ходзіць. Як чарнобылец ён мае права сысці на пенсію на 5 гадоў раней за астатніх. Але калі б даказаў, што працаваў у 10-кіламетровай зоне ад рэактару, то сышоў бы на 10 гадоў раней.

Аднак акрамя граматаў і пячаткі ў пашпарце ад Чарнобылю ніякіх даведак не засталося. Нават хадзіў у архіў па дакументы. Але і там пуста.

«На Куляшова, там стаяла ваенная частка, там быў архіў Чарнобылю, – узгадвае Уладзімір Ламака. – У нас шмат хто ездзіў у гэты архіў, з маіх хлопцаў. Кажуць, яго там няма, і ты там нічога не даб’ешся. Мне вайсковец так і сказаў, не памятаю звання: у архіве нічога няма, і гэтую частку наогул ужо прыбралі».

Праз гэта ўжо чатыры гады спадар жыве на дапамогу па інваліднасці ды чарнобыльскія – агулам 250 рублёў. А на пенсію сыходзіць толькі цяпер – у кастрычніку яму якраз споўнілася 56,5 года.

Асабісты капітал
Дзяржаўныя нормы: 10 г смятаны на дзень
2019.09.23 20:05

Спадар Сяргей – відэааператар, ён таксама сутыкнуўся са знікненнем дакументаў. У 2000-я мужчына супрацоўнічаў з тэлеканалам СТВ. Але праца прыпала на станаўленне каналу і яго юрыдычную перарэгістрацыю. Архіву з дакументамі да юрыдычных пертурбацыяў не захавалася.

Выратавала падатковая інспекцыя. Мужчына тады быў зарэгістраваны прадпрымальнікам і штогод падаваў туды справаздачу аб сваіх прыбытках. Гэтыя дакументы захаваліся. І дзякуючым ім суд і залічыў мужчыну незафіксаваныя гады працы.

«Наогул гэта вельмі мілае ўстанова, дзе мы ўпяцёх пагутарылі. І ўсе былі на маім баку. Так, мы разумеем, вы працавалі, але вось мы не можам, прабачце, таму што няправільна аформленыя дакументы», – узгадвае, як праходзіў суд Сяргей Мілешкін.

Наколькі гэты год павялічыў памер ягонай пенсіі, ён пакуль не зразумеў, бо працягвае працаваць і атрымлівае толькі частку пенсіі. Аднак ягоны пенсійны каэфіцыент падрос.

Асабісты капітал
Цуды нашай эканомікі: заробкі растуць, беларусы бяднеюць
2019.09.09 20:05

Юрыст заклікае не баяцца ды ісці ў суд. Трэба падаць заяву аб усталяванні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне. Такім фактам, напрыклад, можа быць праца на пэўным месцы. Яе можа пацвердзіць запіс у працоўнай кніжцы, сведкі, дакументы. Суд усё гэта прымае.

Аднак такія пытанні ўзнікаюць адносна працы да 2003 года, калі была ўведзеная сістэма індывідуальнага ўліку застрахаваных асобаў у Фондзе сацыяльнай абароны. Пасля – уся інфармацыя аб працы заносіцца на ваш страхавы нумар.

«Усіх наймальнікаў абавязалі ўносіць звесткі аб працы, аб дагаворах падраду. Але ёсць такія выпадкі, калі наймальнікі ігнаруюць і не ўносяць нічога, – кажа юрыст прафсаюзу РЭП Юрась Белякоў. – І тады, натуральна, у чалавека ўтвараецца дзірка на гэты перыяд часу».

Таму калі ў вас розныя наймальнікі, няма сталага месца працы ці вы працуеце на прыватныя кампаніі, не зашкодзіць напісаць заяву ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і спраўдзіць інфармацыю, якая туды падаецца наймальнікамі. У нашай краіне хто сам сябе сцеражэ, таго й бог беражэ.

Асабісты капітал
«Шарашкіна кантора»: як цэнтры занятасці «дапамагаюць» шукаць працу
2019.09.30 20:00

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».