Чым адрозніваецца перадвыбарчая кампанія ў парламент ад папярэдніх? Выбары-2016. Частка 1


Першая серыя дэбатаў, якую правяла Святлана Калінкіна, была прысвечаная хадзе перадвыбарчай кампаніі ды яе адрозненням ад папярэдніх парламенцкіх кампаніяў. Удзельнікі перадачы – Сяргей Вазняк, Мечыслаў Грыб, Аляксандр Дабравольскі ды Андрэй Казакевіч – абмеркавалі, сярод іншага, уплыў цяперашніх выбараў на міжнародную легітымізацыю цяперашніх уладаў Беларусі заходнімі структурамі.

Эканоміка, дэмаграфія, знешняя і ўнутраная палітыка, сістэма сацыяльнай бяспекі і ахова здароўя, стан нацыянальнай культуры і мовы, карупцыя – гэтыя ды іншыя тэмы абмяркуюцца ўдзельнікамі васьмі дэбатаў, сямі перадвыбарчых і адной паслявыбарчай, на нашым тэлеканале.

«У нашых дэбатах няма ніякай цэнзуры. Мы запісвалі проста адзін да аднаго. Незалежна ад таго, што хто скажа, гэта застанецца ў праграме», – зазначае Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў «Белсату».

У дэбатах возьмуць удзел вядомыя беларускія эксперты, але перадусім – кандыдаты ў дэпутаты, якія возьмуць удзел у выбарах 11 верасня. Мы запрасілі ў нашую студыю прадстаўнікоў палітычных партыяў, незалежных кандыдатаў, а таксама тых, хто дэкларуе падтрыманне афіцыйнага курсу цяперашніх уладаў Беларусі.

Высокую якасць дыскусіі гарантуюць вядучыя журналісты «Белсату» – Святлана Калінкіна, Павал Мажэйка і Валер Руселік.

«Дэбаты» на «Белсаце» глядзіце з пятніцы 2 верасня пасля «Аб’ектыву», а таксама онлайн на нашай старонцы. А 11 верасня а 20 гадзіне выбарчы вечар у наўпроставым эфіры «Белсату».