Чорная паласа БГК імя Мяшкова: пунктаў у Лізе чэмпіёнаў усё яшчэ няма


Найлепшы гандбольны клуб краіны прагуляў другі запар матч у Лізе чэмпіёнаў, саступіўшы французскаму «Монпэлье» 25:27. Гэта адбылося ў першым хатнім матчы турніру перад поўнымі трыбунамі «Вікторыі».

Як і ў мінулым матчы ў партугальскім Порту, «мяшкоўцы» аддалі суперніку пераможную гульню, а яшчэ за 10 хвілінаў да заканчэння двубою БГК быў наперадзе.

Марка Паніч, паўсярэдні БГК імя Мяшкова:

«Я як гандбаліст, які правёў 5 гадоў сваёй кар’еры ў Францыі, ведаў, які сурʼёзны супернік будзе нам супрацьстаяць – каманда, якая нядаўна перамагала ў Лізе чэмпіёнаў. Пры гэтым мы ўсё адно моцна расчараваныя вынікам. Паўтарылася гэтая нядобрая тэндэнцыя, калі каманда кантралявала хаду гульні 40-45 хвілінаў, а пасля на 10-15 хвілінаў узнікала проста нейкая чорная дзіра, якая высмоктвала ўвесь той станоўчы вынік, які мы стваралі цягам усяго матчу».

Праблема другіх таймаў, у якіх берасцейцы губляюць усё, узнікла не сёння, а цягнецца ўжо два гады, з прыходам у клуб іспанскіх трэнераў. Спачатку БГК аддаваў гульні пасля перапынку пры кіраўніцтве Манолё Кадэнаса, нічога не змянілася і сёлета, калі клуб узначаліў Рауль Алёнса.

Пытаемся Івана Пэшыча, капітана БГК імя Мяшкова:

– Зноў другая палова, дрэна гулялі, без упэўненасці, без ідэяў у атацы, «Монпэлье» лепей згуляны.

– Што адбываецца з камандай ужо другі сезон у другіх таймах?

– Не ведаю, гэта альбо псіхалагічна, альбо трэба паразмаўляць паміж сабой і рабіць гэты другі тайм лепш.

Але галоўны трэнер Раўль Алёнса пакуль не прызнае сваіх памылак і шукае іншыя прычыны:

«Мы сур’ёзна рыхтаваліся да гэтага матчу, увесь тыдзень быў прысвечаны рыхтаванню і падвядзенню каманды да гульні. Складана знайсці адпаведныя словы пасля такой расчаравальнай паразы. Пагаджуся з тым, што намецілася пэўная тэндэнцыя: гульня развілася падобна да таго, як у выязным матчы з «Порту».

У мінулым сезоне БГК і «Монпэлье» таксама сустрэліся ў Берасці, у другім туры Лігі чэмпіёнаў. Тады перамог беларускі клуб. Гульцы гасцей кажуць, што памятаюць тую паразу, і распавядаюць, што зрабілі, каб не паўтарыць няўдалага выніку і выруліць на пераможную каляіну.

Фрэдрык Пэтэшан, лінейны «Монпэлье»:

«Калі мы яшчэ збіраліся сюды, мы ведалі, наколькі складаным будзе гэты матч. У прынцыпе, як любы выязны матч Лігі чэмпіёнаў. Нам прыйшлося прыкласці шмат высілкаў. Пазмагацца, каб у другой палове матчу перагарнуць хаду і змяніць на станоўчы для нас вынік. Але сапраўды змагаліся адзін за аднаго і якасна працавалі ў абароне. Дзякуючы гэтаму дасягнулі перамогі».

Пакуль пунктаў у элітнай групе «В» Лігі чэмпіёнаў не маюць БГК і ўкраінскі «Матор», яны сустрэнуцца 12 кастрычніка ў Берасці. А ўжо ў сераду «мяшкоўцам» гуляць у гасцях з нямецкім Кілем.

Алесь Ляўчук belsat.eu